“Вірус — гэта клуб”: футбольныя фанаты не сталі байкатаваць чэмпіянат Беларусі

“Вірус — гэта клуб”: футбольныя фанаты не сталі байкатаваць чэмпіянат Беларусі

Значную частку навін пра каранавірус складаюць паведамленні пра перанос ці адмену масавых мерапрыемстваў. Новы фільм пра Джэймса Бонда замест красавіка мы пабачым у лістападзе (калі дажывём), а перажываць за гурт VAL падчас “Еўрабачання-2020” не давядзецца ўвогуле: конкурса не будзе. 

Канцэрты масава адмяняюцца і ў Беларусі, але ёсць мерапрыемствы, якія за “псіхознымі” трэндамі не бягуць. Напрыклад, 19 сакавіка, нягледзячы НІ НА ШТО, пачынаецца чэмпіянат Беларусі па футболе. На стартавы дзень прызначаныя дзве сустрэчы: “Шахцёр” vs “Тарпеда-БелАЗ” і “РЦОР БГУ” vs “БАТЭ”. 

“Вірус — гэта клуб”: футбольныя фанаты не сталі байкатаваць чэмпіянат Беларусі
Уладзімір Базанаў / abff.by

Напярэдадні тэму бяспекі заўзятараў у інтэрв’ю БелТА падняў кіраўнік асацыацыі “Беларуская федэрацыя футбола” Уладзімір Базанаў. Спартыўны чыноўнік распавёў, што з распаўсюдам каранавіруса АБФФ змагаецца метадычкамі, апублікаванымі на ўласным сайце.   

“Што тычыцца саміх стадыёнаў, ніякага спецыяльнага кантролю на ўваходах не плануецца”,дадаў Базанаў. 

Што пра гэта думаюць футбольныя балельшчыкі? Еўрарадыё дагрукалася да фанатаў некаторых футбольных клубаў Вышэйшай лігі. 

БАТЭ

Па адказах балельшчыкаў барысаўскага клуба, сярод якіх адміны фан-паблікаў ВК, можна зразумець, што нейкай адзінай стратэгіі жоўта-сінія не маюць — “гэта справа кожнага”.

Іван: “Вядома ж, гэта усё вельмі асабістае. Але я дакладна ігнарую любыя масавыя мерапрыемствы і не ўхваляю халатнасці як клуба, так і нашай дзяржавы”. 

Уладзімір: “Маё меркаванне, што за здароўем трэба сачыць заўсёды. На дадзены момант у Беларусі не тая сітуацыя, каб адмяняць нешта”.

Цімур: “Для фаната колеры клуба і сам клуб — гэта і ёсць вірус, які жыве ўнутры, таму ўсе хто зможа паехаць на футбол у Мінск, паедзе. Любы выезд — гэта закон”.

Іслач

Не хочам сказаць, што фанаў “Іслачы” мы не знайшлі, бо іх не існуе, але факт: калі ў іх і ёсць фанацкая суполка, дык яна добра схаваная! Таму па каментар мы звярнуліся да прэс-сакратара ФК “Іслач” Аляксандра Галенчука.

Клуб трымае кантакт з фанатамі. Галянчук запэўнівае, што заўзятары будуць хадзіць на стадыён. Але не ўсё так бязвоблачна. Сустрэчу фанатаў з камандай, якая традыцыйна праходзіць перад стартам чэмпіянату, сёлета адмянілі. Прычым ініцыятарам выступіў клуб:

“У сувязі з распаўсюджваннем каранавіруса і рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя па абмежаванні спартыўна-масавых мерапрыемстваў футбольны клуб "Іслач" прыняў рашэнне перанесці сустрэчу каманды з заўзятарамі, якая традыцыйна праходзіць напярэдадні старту чэмпіянату”, гаворыцца ў заяве клуба. 

“Дынама-Брэст”

“Вірус — гэта клуб”: футбольныя фанаты не сталі байкатаваць чэмпіянат Беларусі
Дыега Марадона / euroradio.fm

Нашы пытанні адміністратары фанацкай суполкі “Дынама-Брэст” праігнаравалі. Але з публікацый у 8-тысячным пабліку “Бела-Сіняе Жыццё” зразумела, што каранавірусам брастаўчан не запужаць: там змешчаны заклік наведаць хатні матч са “Смалявічамі”, які пройдзе 20 сакавіка. 

“Вірус — гэта клуб”: футбольныя фанаты не сталі байкатаваць чэмпіянат Беларусі

“Шахцёр”

“Ад тых, з кім асабіста гутару, не чуў, каб збіраліся адмовіцца ад наведвання матчаў”, — кажа пра балельшчыкаў “Шахцёра” прэс-сакратар клуба Уладзімір Валадзько

Ён удакладняе, што ў камандзе панікі з нагоды каранавіруса няма: “Вядома, усе сталі больш адказна ставіцца да гігіены. Федэрацыя прыняла рашэння гуляць — трэба гуляць. Што яшчэ застаецца?”

Сапраўды, калі ў заўзятараў ёсць выбар: ісці на стадыён ці не, — дык футбалістам так ці інакш давядзецца выходзіць на поле, пакуль чэмпіянат будзе працягвацца.

***

Праз каранавірус адмяняюцца ці пераносяцца нацыянальныя кубкі ў шматлікіх еўрапейскіх краінах. У нашай суседкі Украіны з 18 сакавіка спынілася правядзенне ўсіх футбольных матчаў. Тое самае ў Расіі: “Прэм’ер-ліга” пастаўленая на паўзу да 10 красавіка.

Што тычыцца міжнародных спаборніцтваў, дык УЕФА спыніла розыгрыш сёлетніх Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы і прыняло рашэнне перанесці Еўра-2020 на лета 2021 года. Такім чынам, упершыню кантынентальнае першынство пройдзе ў няцотны год. Апошні раз чэмпіянат Еўропы па футболе пераносіўся праз Другую сусветную вайну.  

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі