“Віталюр”: Пастаўкі морапрадуктаў з Беларусі ў Расію, наадварот, скараціліся

У Расіі ў крамах з’явіліся беларускія… крэветкі. Мяркуючы па фота з сацсетак, морапрадукты з нашай краіны ў курскай краме каштуюць у пераводзе на беларускія рублі 140 тысяч за кілаграм.

“Гатовую прадукцыю, якая мае дастатковую ступень перапрацоўкі, мы можам завозіць. Тую, якую мы самі перапрацоўваем і гатуем, а сыравіну перапрадаваць нельга”, — тлумачаць на прадпрыемстве “Санта-брэмар”, якое займаецца рыбай і морапрадуктамі, адкуль на расійскіх прылаўках з’яўляюцца ачышчаныя крэветкі.

Беларускія крэветкі ў расійскай краме. (Фота diyarl, з http://img.d3.ru )

На прадпрыемстве заўважаюць, што пакуль пастаўкі ў Расію не павялічвалі, але збіраюцца бліжэйшым часам.

У “Віталюра”, які таксама гандлюе рыбай, экспарт ў Расію наадварот знізіўся.

“Каб тавар стаў беларускім, яго мала проста апрацаваць, мусіць быць паглыбленая перапрацоўка. Цяпер мы займаемся сертыфікацыяй і далей збіраемся пастаўляць перапрацаваную прадукцыю”, — тлумачаць на “Віталюры”.

На “Белрыбе” таксама не адчулі, каб экспарт у Расію павялічыўся. Пакуль тут узгадняюць дакументы.

“Павінны быць узгадненні з расійскай ветэрынарыяй. Мусілі выдаць дакументы, але іх выдача цяпер прыпыненая”.

Няма павялічэння паставак і на мясакамбінатах. У Магілёве і Гродне не адчулі, каб “мяса паваліла ў Расію”.

Тым часам, Россяльгаснагляд выявіў у беларускіх грузах, якія ідуць праз мяжу, забароненыя еўрапейскія тавары. Раней, нагадаем, Расія ўвяла санкцыі на год супраць шэрагу тавараў з краін ЕС, ЗША, Нарвегіі ды іншых краін.

“На участках дарог на мяжы з Беларуссю былі спыненыя спробы пастаўкі тавараў з Беларусі  агульнай масай больш за 100 тон. У 9 выпадках прадукцыя была без фітасанітарных сертыфікатаў, у тым ліку, з ЕС. Была прадукцыя з Венгрыі і Іспаніі, якая таксама забароненая да ўвозу ў Расію. Гэта кажа пра няздольнасць галоўнай інспекцыі па насенневодстве, каранціне і абароне раслін кантраляваць перамяшчэнне прадукцыі”, — апісваюць парушэнне ў прэс-службе Россяльгаснагляда.

І дадаюць, што на працягу некалькіх дзён яны зафіксавалі пастаўкі ў Расію праз Беларусь партый яблыкаў, персікаў, сліваў, таматаў без указання краіны паходжання або з указаннем дазволеных Турцыі, Сербіі, Македоніі і афрыканскіх краін, у прыватнасці, Зімбабвэ. Падчас праверак высветлілася, што гародніна і садавіна пастаўляліся з Польшчы, Славеніі, Нідэрландаў, Літвы ды некаторых іншых краін Еўрасаюза.

Россяльгаснагляд прыгразіў: калі падобныя грузы будуць трапляцца і далей, то Расія абмяжуе пастаўкі з Беларусі.

Фота 1: econet.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі