Вольга Смалянка: Неабходна стварыць грамадскі савет пры Мінюсце

120104 SmaljankaS.mp3

Еўрарадыё: Чаму менавіта цяпер з’явіўся гэты зварот?


Вольга Смалянка: Па-першае, гэта новы міністр юстыцыі. Па-другое, ён мае вельмі вялікі досвед работы з грамадскімі аб’яднаннямі. На працягу васьмі год спадар Сліжэўскі быў спачатку намеснікам начальніка упраўлення грамадскіх аб’яднанняў, а пазней начальнікам упраўлення грамадскіх аб’яднанняў Міністэрства юстыцыі. Таму мы вырашылі, што, заступаючы на гэтую пасаду і маючы такі досвед, ён павінен ведаць меркаванне некамерцыйных арганізацый як наконт заканадаўства, так і наконт правоў гэтых арганізацый у Беларусі.

Еўрарадыё: Вы спадзеяцеся, што новы міністр пагодзіцца на сустрэчу з вамі?


Вольга Смалянка: Мы спадзяемся, што ён не толькі пагодзіцца на сустрэчу. Мы вылучылі літаральна 5-6 асноўных момантаў, якія на наш погляд неабходна ліквідаваць у Беларусі. Першы момант — гэта заканадаўства Беларусі ў дачыненні да некамерцыйных арганізацый, якое зусім не спрыяе развіццю грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Другі момант — гэта тое, што ў Беларусі існуе крымінальная адказнасць за дзейнасць незарэгістраваных арганізацый. Мінулы міністр юстыцыі шматразова абяцаў, што гэты артыкул будзе адменены. Аднак ён дзейнічае ад 2005 года. Таму мы звяртаемся да новага міністра, каб Беларусь не з’яўлялася адзінай краінай у Еўропе, дзе існуе крымінальная адказнасць за дзейнасць незарэгістраваных арганізацый.

Мы адзначаем таксама вельмі жорсткія ўмовы рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў, якія не спрыяюць з’яўленню новых арганізацый. Як заканадаўчыя акты, так і практыку іх прымянення трэба прывесці ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі. Вельмі важны момант, які мы вылучаем, - тыя нарматыўныя акты, што прымаюцца зараз ў Беларусі, прымаюцца без уліку некамерцыйных арганізацый, то бок, тых суб’ектаў, на якіх яны скіраваныя. Мы гаворым пра неабходнасць стварэння пры Міністэрстве юстыцыі грамадскага савета, які б складаўся з прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў і праводзіў экспертызу нарматыўных актаў. Такі досвед у Беларусі існуе ў галіне прадпрымальніцкай дзейнасці.

І наступнае пытанне — што ў Беларусі існуе грамадскі кантроль за пенітэнцыярнымі ўстановамі. У нашай краіне гэта праблемны момант, бо прымяняюцца катаванні ў дачыненні да вязняў. Мы лічым, што трэба актывізаваць працу гэтых грамадскіх саветаў. Мы звяртаем увагу міністра на неабходнасць актывізацыі іх дзейнасці і ўключэнне ў іх склад прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый.

Еўрарадыё: Ці не варта было б пачакаць, пакуль усе палітвязні выйдуць на волю, а потым ужо звяртацца да міністра юстыцыі?


Вольга Смалянка: На мой погляд, адно другому не супярэчыць. Мы звяртаемся да міністра юстыцыі з тымі праблемамі, што існуюць у Беларусі, у тым ліку і пытанне катаванняў і ўтварэння грамадскіх камісій, што сачылі б за тым, што адбываецца ў турмах. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі