Вольскі і Аракелян афіцыйна выступяць у Мінску (фота дазволу на канцэрт)
Іх сумесны канцэрт адбудзецца 12 снежня ў Loft cafe.
У праграме канцэрту — новыя песні і песні розных гадоў, розных настрояў, розных станаў душы. Можна будзе пачуць кампазіцыі з “Народнага альбому”, з “Я нарадзіўся тут”, “Трох чарапах” і “Белай яблыні грому”. Таксама Лявон Вольскі праспявае свае новыя песні — і ўсё гэта ў суправаджэнні гарачага саксафону і выбуховай флейты Паўла Аракеляна.
Лявон Вольскі доўгі час быў у негалосным “чорным спісе” музыкаў, якім забаранялі канцэрты ў Беларусі. Такія “чорныя спісы” з’явіліся пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 году. У пачатку гэтага года “забаронены” Аляксандр Кулінковіч і Еўрарадыё задалі пытанні Аляксандру Лукашэнку пра чорныя спісы музыкантаў. Пасля Еўрарадыё вяло доўгую перапіску з чыноўнікамі. Пазней стала вядома, што спісы амаль цалкам адмянілі. Каб праверыць, 6 траўня ў Мінску быў праведзены канцэрт “Дзень радыё” з удзелам Крамы і Нейра Дзюбеля, выступы якіх дагэтуль зрываліся. Фестываль прайшоў паспяхова і сабраў каля 700 чалавек.
Аднак дагэтуль пад негалоснай забаронай застаецца Зміцер Вайцюшкевіч, апошні канцэрт якога сарваўся ў Полацку 22 лістапада, і Ляпіс Трубяцкой, які грае для беларусаў за межамі нашай краіны.