Воплі Відаплясава і Ляпісы выступяць на Be Free не за грошы, а за свабоду

Еўрарадыё і вас звозіць на фестываль бясплатна, калі вы правільна адкажаце на пытанні віктарыны на нашым сайце. Кампанія "Будзьма" сумесна з Еўрапейскім радыё для Беларусі распачала віктарыну "Be free for free", пераможцы якой змогуць паехаць на фэст бесплатна.

Ужо праз тыдзень 22-23 жніўня ва украінскім Чарнігаве распачнецца трэці феставыль Be Free. На беразе Дзясны на працягу двух дзён будуць ладзіцца канцэрты пад адкрытым небам. Хэдлайнерамі гэтага году абраныя гурты "Ляпис Трубецкой" і "Вопли Видоплясова".

На прэс-канферэнцыі ў Мінску адзін з арганізатараў фестывалю прадзюсер і кіраўнік "БМА-group" Віталь Супрановіч распавёў, што музыканты пайшлі насустрач і не выстаўлялі арганізатарм "зорных" райдэраў.
Віталь Супрановіч: "Усе ведаюць, што вакаліст гурта Воплі Відаплясава Алег Скрыпка вельмі прыязна ставіцца да беларускай музыкі і пастаянна запрашае беларускія гурты на свой фэст ва Украіне. На адным з апошніх фэстаў выступаў гурт Стары Ольса. Наш фэст не камерцыйны і разам з тым нясе сваю ідэю — ідэю свабоды і правоў чалавека. І ўмовы, на якіх гурты прыязджаюць на беларускі фэст ў Чарнігаў, даволі прымальныя і мы змаглі іх выканаць".

Прадзюсер гурта Ляпис Трубецкой Яўген Калмыкоў прызнаецца, што з 17 гадоў з'яўляецца вялікім прыхільнікам творчасці гурта "Ulis":

Яўген Калмыкоў: "...Таму калі мне пазваніў Слава Корань і запрасіў прыняць удзел у фэсце — я адразу пагадзіўся".

У гэтым годзе намётавы гарадок ладзіцца адразу каля сцэны, таму ніякіх неспадзяванак не будзе — абяцаюць арганізатары. Засяляцца ў намётавы гарадок можна будзе ўжо пачынаючы ад вечара пятніцы, 21-га жніўня.

Чакаецца, што фестываль будзе наведваць каля 5-10 тысяч чалавек штодня.

Слава Корань: "Мы зараз не можам называць пэўныя лічбы, таму што ў Чарнігаве фэст ладзіцца ўпершыню. Па нашых падліках у мінулым годзе фестываль у Львове наведвала каля 10 тысячаў чалавек кожны дзень. У гэтым можа будзе і 20, пабачым".

Украіна не выпадкова ўжо трэці год з'яўляецца рэзідэнцыяй фестывалю.

Марыя Садоўская, суарганізатар фестывалю: "Адна з прычынаў, па якіх мы выбіраем Украіну — таму што замежнікам туды не патрэбна віза. Калі ў наступным годзе фэст будзе набіраць больш міжнародных абаротаў, то Украіна і на далей застанецца ідэальным месцам, куды могуць свабодна прыехаць і беларусы, і рускія, і жыхары Еўрасаюзу. Было б ідэальна, калі б у Беларусі быў такі візавы рэжым і мы б змаглі запрашаць сюды ўсю публіку на адкрытую пляцоўку нашага фэсту".

Але візы — не адзіная перашкода правядзенню фэста на Беларусі.

Віталь Супрановіч: "На жаль, заканадаўства нашай краіны ў плане арганізацыі вялікіх фэстаў на адкрытым паветры не змянілася. У Беларусі мы мусілі б вельмі шчыльна супрацоўнічаць з уладамі, што прывяло б да нейкіх непаразуменняў і просьбаў — палітычных і ідэалагічных. І канчатковы адказ ад уладаў наконт правядзення фэсту мы б атрымалі толькі за тыдзень. За гэтыя 5 дзён ты маеш дамовіцца з гуртамі, зрабіць рэкламу і яшчэ узяць 10 узгадненняў, якія таксама каштуюць пэўныя грошы. Гэта ў тым выпадку, калі б мы заставаліся незалежным фэстам і спрабавалі зрабіць тое, што хочам".

Украінскімі партнёрамі фестывалю з'яўляюцца Чарнігаўскі рок-клуб і Чарнігаўскі грамадзянскі камітэт па абароне правоў чалавека.

Як паведамілі арганізатары фестывалю, да ўдзелу ў Be Free запрошаныя 20 маладых і вядомых гуртоў з Беларусі, Украіны, Польшчы і Францыі —"Zero-85", "Vladivostok", "B:N", "Zatochka", "Tarpach", "Partyzon", "Pomidor/OFF", "LitvinTroll", "Imprudence", "ULIS" ды іншыя.

Фота: www.life.pravda.com.ua


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі