"Вы мусіце быць глухой сцяной": Андрэй Мачалаў аб сістэме правасуддзя ў Беларусі

Адвакат Андрэй Мачалаў /  Фэйсбук​
Адвакат Андрэй Мачалаў /  Фэйсбук​

"Самая папулярная памылка затрыманых — безумоўны давер супрацоўнікам праваахоўных органаў пры адсутнасці свайго абаронцы", — дзеліцца назіраннямі з Еўрарадыё адвакат Андрэй Мачалаў

31 траўня спецыяліста, які абараняе "палітычных" і журналістаў, выключылі з Калегіі адвакатаў. Пра тое, што яго пазбавілі ліцэнзіі, Андрэй даведаўся 18 чэрвеня, прыйшоўшы на суд. 

Нягледзячы на непрыемны сюрпрыз, адвакат не сумуе. Ён абяцае і далей дапамагаць беларусам, але ўжо ў іншым фармаце. 

"Пазбаўленне адвакацкай ліцэнзіі — не так страшна, як здаецца на першы погляд, — тлумачыць спецыяліст. — Так, у мяне больш няма права выступаць у судзе і быць непасрэдным абаронцам на следстве. Сустракацца з людзьмі, фармаваць пазіцыю, рыхтаваць дакументы для судовых пасяджэнняў — усё гэта можна рабіць, будучы памочнікам адваката, чым, уласна, і займуся".

У інтэрв'ю Еўрарадыё Андрэй Мачалаў кажа пра асноўныя маральныя правілы абранай прафесіі, разважае, чаму суддзі працягваюць выносіць несправядлівыя прысуды, і тлумачыць, чаму збіраецца абараняць у будучыні нават такіх вось суддзяў і нават сілавікоў.

 

Адны суддзі лічаць, што "збіваць правільна", іншыя працуюць ад бязвыхаднасці

— Сяброў у судзейскім корпусе не засталося. Тыя людзі, якіх я ведаў, своечасова сышлі па ўласным жаданні. Я некалькі разоў размаўляў з сённяшнімі суддзямі. У кожнага свая матывацыя працягваць працу. Хтосьці робіць гэта ад бязвыхаднасці, усведамляючы, што працуючы, напрыклад, у пракуратуры цягам дзесяці гадоў, ты мала што ўмееш рабіць іншага. Ці, дапусцім, працуючы суддзёй па крымінальных справах, ты наўрад ці зможаш добра дзесьці ўладкавацца. 

У той жа час у іх даволі добрыя заробкі, умовы працы, ёсць сацыяльныя пакеты. Так што гэта справа звычкі. Чалавек ідзе на пэўны кампраміс. Нават разумеючы, што адбываецца нешта не тое, ён не гатовы да сур'ёзных змен у сваім жыцці. 

З іншага боку, у органах унутраных спраў ёсць практыка выразнага падзелу абавязкаў. Ёсць той, хто затрымлівае, зусім іншы чалавек піша рапарт, трэці бярэ паказанні і гэтак далей. Суддзя, па сутнасці, бачыць ужо падчышчаную карцінку. Сістэма ў маім разуменні настроеная так, каб ні на адным этапе вось гэтых звёнаў не ўзнікала нейкіх лішніх згрызот сумлення.

Але ёсць яшчэ адна катэгорыя суддзяў, якіх мне складана зразумець. Яны заўзята вераць, што людзей трэба збіваць, інакш — цытата — "яны не разумеюць". Такія суддзі перакананыя, што сапраўды няма нічога страшнага ў тым, што за апошні год было гвалтоўна забіта некалькі пратэстоўцаў. Такія сапраўды лічаць, што яны выратавалі краіну. Так, ёсць людзі, якія ў гэта вераць. Іх вельмі мала, але яны існуюць.

 

Адвакат мусіць абараняць, нават калі не згодны

— Ці можаш ты абараняць чалавека, калі ўнутрана з ім не згодны? Мабыць, так гучыць адно з самых асноўных маральных пытанняў у адвакатаў. У адпаведнасці з прафесійнымі прынцыпамі адвакат абавязаны абараняць кожнага, хто да яго звернецца, незалежна ад таго, згодны з ім ці не. Так што я не здолею адмовіць чалавеку, які звернецца да мяне па дапамогу, нават калі буду з ім не згодны. 

З іншага боку, адвакат вольны ў выбары пазіцыі. На практыцы мы далёка не заўсёды даказваем невінаватасць чалавека (абарона пацярпелых ад палітычных рэпрэсій у Беларусі — выключэнне). Часцей за ўсё праца зводзіцца да таго, каб змякчыць пакаранне, выключыць дадатковыя віды санкцый. 

У большасці выпадкаў людзі прызнаюць віну. Таму я схіляюся да таго, што ўсё ж знайду ў сабе сілы грунтавацца на асноўным прынцыпе адвакатуры — сапраўды дапамагчы кожнаму.

 

Абавязкова дачакайцеся менавіта свайго абаронцы

— Незразумелыя прызнанні, якія паказваюць па тэлевізары, — вынік памылак, якія здзяйсняюць затрыманыя. Тут мая рэкамендацыя заўсёды адна: што б вам ні казалі, вы мусіце быць глухой сцяной і мусіце дачакацца менавіта свайго адваката. Не нейкага адваката, які да вас прыйдзе, дапусцім, па настаўленні КДБ, а менавіта свайго. 

Вы мусіце яго дачакацца, з ім параіцца і толькі на цвярозую галаву вырашаць, што вы будзеце рабіць. Хочаце даць якія-небудзь адкрытыя прызнанні? Калі ласка, гэта вашае права. Але нельга гэта рабіць ліхаманкава, адразу пасля затрымання.

Мы бачым мноства відэапрызнанняў. Відавочна, затрыманыя даюць іх, таму што ім прапануюць нейкія бонусы, аж да выхаду на волю. Як паказвае практыка, практычна ніколі гэтых людзей не выпускаюць. 

Ідучы на такое "супрацоўніцтва са следствам", не параіўшыся са спецыялістам, чалавек толькі пагаршае сваю пазіцыю і абмяжоўвае ў будучыні адваката ў выбары спосабаў і сродкаў абароны. Таму не прымайце рашэнне на гарачую галаву, не ідзіце на нейкае сляпое, незразумелае супрацоўніцтва c сілавымі структурамі. 

Не адмаўляйцеся ад адваката. Цяпер такая сітуацыя, што ў адвакатаў няма нейкіх вялікіх фінансавых запытаў. Але нават па тых справах, дзе адвакат выстаўляў вялікія сумы, гэтыя грошы збіраліся за лічаныя гадзіны сябрамі, блізкімі і іншымі неабыякавымі людзьмі. 

Праца адваката можа прынесці шмат станоўчых момантаў, нягледзячы на тое, што яны могуць быць невідавочныя на першы погляд. Трэба разумець, што, калі вы ўпершыню ў жыцці сутыкнуліся з крымінальным пераследам, у вас няма адпаведнага вопыту, каб абараняць сябе самастойна. Не варта адмаўляцца ад дапамогі. Адвакат прааналізуе вашу канкрэтную сітуацыю і дасць рэкамендацыі зыходзячы з вашай канкрэтнай справы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі