"Вы разумееце, яны жанчыны! Іх нельга проста ўзяць і сфатаграфаваць!"

"Вы понимаете, они женщины! Их нельзя просто взять и сфотографировать!"

Я прыйшоў на выбары, і мне былі радыя. Атрымліваў свой бюлетэнь пад шчырыя ўсмешкі сябраў выбарчай камісіі, галасаваў — адчуваў гэтыя ўсмешкі. Усё абарвалася, калі падышоў да століка старшыні камісіі і падаў ёй пасведчанне журналіста.

Увогуле гэта было падобна на допыт следчага:

— Навошта вы нейкі час стаялі ў калідоры? (Ну, я чакаў, каб бліжэй да васьмі.) Чаму вы размаўлялі з даверанай асобай кандыдата? (Аказваецца, гэта хлопец, што прайшоў міма мяне.)

Да нас тут жа падышоў міліцыянт, рука на кабуры, мяне гэта нават усміхнула.

А за пяць хвілін да заканчэння галасавання я зрабіў некалькі дзяжурных фота празрыстых урнаў на тэлефон і быў тут жа злоўлены на месцы злачынства.

Мяне папрасілі паказаць (!)знятыя фота. Я адказаў, што магу здымаць тут што хачу, бо не назіральнік, а журналіст. Спаслаўся на закон аб СМІ. Старшыня камісіі бярэ "званок сябру" — у акруговую камісію. Мяне гэта нават усміхнула. Між тым час падліку галасоў настаў. А ніхто не лічыў. Праз мяне!

Старшыня-следчы выйшла і ўрачыста заявіла, што тры сябры выбарчай камісіі (увесь гэты час у кабінеце была яна адна) не хочуць, каб іх фатаграфавалі, і на гэтай падставе патрабуе, каб я неадкладна пакінуў выбарчы ўчастак. Мяне гэта нават усміхнула — сябры камісіі (усе жанчыны) ціха стаялі ля сцяны, яны нічога не патрабавалі.

Дзеля чагосьці папрасіў сказаць, хто менавіта з іх гэтага патрабуе. Старшыня паклікала сапраўднага падпалкоўніка міліцыі.

— А што калі старшыня камісіі парушае закон? — пытаюся ў падпалкоўніка.

— Яна тут галоўны, а я проста выканаўца і не маю ніякага дачынення да таго, што адбываецца, — ціха-ціха кажа афіцэр.

Скаргу старшыня-следчы прапанавала напісаць у акруговую камісію, тую, з якой яна раілася па тэлефоне. Мяне гэта нават усміхнула. Палкоўнік правёў да выхаду і зачыніў за мной дзверы ўчастку і дзверы школы.

— Я прыйшоў, каб паназіраць за працэсам падліку галасоў на выбарчым участку № 178... — фразу я не скончыў, таму што кіраўнік акруговай камісіі перабівае:

— А гэта не да нас.

Тут я падумаў, што божа, які я лох, нават нумару свайго выбарчага ўчастка не запомніў! Выратавала мяне сакратар, якая пацвердзіла шэфу, што ўчастак "як бы наш"! Ну, бывае.

Далей кіраўнік акруговай выбарчай камісіі казаў мне пра... жанчын. Я яму — пра падлік галасоў як пра працэс.

— Гэта ж жанчыны, яны могуць саромецца, выглядаць неідэальна, ну, як яны думаюць. Вы разумееце, жанчыны! Іх нельга проста ўзяць і сфатаграфаваць!

— Разумею, і мы можам пракансультавацца таксама ў жанчыны — Лідзіі Міхайлаўны Ярмошынай, вось тэлефон.

— Навошта ж яе адцягваць на такія дробязі?

— Ну чаму дробязі? Яна даведаецца, што кіраўнік выбарчай камісіі і кіраўнік акруговай камісіі не ведаюць закона аб выбарах, але шмат ведаюць пра жанчын.

— Але вы ж усё роўна не ўбачыце гэтыя галачкі за тры метры!

— Я і хачу паказаць, ці можна назіральніку нешта ўбачыць, працэс назірання.

Яшчэ паўгадзіны мы датэлефаноўваемся наверх, у гарадскую выбарчую камісію, там не ведалі, бралі паўзу, думалі і... дазволілі фатаграфаваць не жанчын, а працэс падліку галасоў.

І кіраўнік акруговай выбарчай камісіі патэлефанаваў на ўчастак і на поўным сур'ёзе папрасіў жанчын "прывесці сябе ў парадак для фатаграфавання працэсу".

— І што, яны зараз кінуць лічыць бюлетэні і зробяць мэйкап?

— Гэта ж жанчыны!

Кіраўнік участковай выбарчай камісіі сустрэла мяне... з усмешкай: "Ну чаму вы адразу не сказалі нам, што вам цікавы толькі працэс падліку галасоў?". Мяне гэта нават усміхнула.

Яна настойліва папрасіла потым паказаць ёй фота і відэа. Я пагадзіўся, калі яна адыдзе на тры метры ад планшэта, вось як назіральнікі — ад сталоў з бюлетэнямі. Яе гэта нават усміхнула. Мы разумелі адно аднаго з паўслова.

Зрэшты, сябры выбарчай камісіі ўвесь гэты час разумелі адно аднаго наогул без слоў. Наогул! Гэта быў падлік нямых, зносіны — толькі жэстамі, поглядамі, пазнакамі ў паперках — унікальная зладжанасць дзеянняў. І поўнае бязмоўе. Толькі шолах папер. Яны не сказалі ніводнай лічбы, нават шэптам — не.

За дзеяннямі нямых сябраў выбарчай камісіі назіралі нямыя ж назіральнікі. У думках я мяняў іх месцамі — гэта нічога не змяняла. Назіральнікі ціха сядзелі, час ад часу ціха ўставалі і асуджана перадавалі старшыні камісіі свае скаргі, ціха садзіліся за парты і працягвалі моўчкі назіраць, пісаць свае маўклівыя безнадзейныя скаргі. Старшыню камісіі гэтыя ціхія скаргі нават усміхалі.

Вядома, мне захацелася назіральнікаў таксама ўсміхнуць. Старшыня ўчастковай выбарчай камісіі 16 лічбаў складала 45 хвілін, і я прапанаваў у наступныя выбары прызначаць кіраўніком камісіі хаця б настаўніка матэматыкі. Не пракаціла. Нікога не ўсміхнула.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі