Вялікабрытанія адмяняе еўрапейскае заканадаўства на сваёй тэрыторыі
У рамках "брэкзіту" дэпутаты брытанскага парламента прынялі ў другім чытанні закон пра адмену агульнаеўрапейскага заканадаўства на тэрыторыі Злучанага Каралеўства.
Абмеркаванне працягвалася больш за 13 гадзін, перадае Бі-Бі-Сі. У ноч на аўторак за законапраект прагаласавалі 326 дэпутатаў Палаты абшчынаў, супраць — 290. Цяпер камітэты Палаты абшчын будуць абмяркоўваць законапраект больш дэталёва — на гэта ім даецца восем дзён. Пасля гэтага закон адправіцца ў Палату лордаў.
Адмена еўрапейскага заканадаўства пакладзе канец юрысдыкцыі Еўрапейскага суда на брытанскай тэрыторыі.
Цяпер у Брытаніі дзейнічаюць больш за 12 тысяч агульнаеўрапейскіх законаў i палажэнняў — ад правоў працоўных да абароны навакольнага асяроддзя. У рамках выхаду з ЕС Вялікабрытанія мусіць змяніць іх.
У мінулыя выходныя напярэдадні галасавання ў брытанскім парламенце некалькі тысяч людзей выйшлі на вуліцы Лондана, пратэстуючы супраць выхаду краіны з Еўрасаюза.