Вялікабрытанія будзе адпраўляць нелегальных імігрантаў у Руанду
Лондан, ілюстрацыйнае фота
22 красавіка парламент Вялікабрытаніі прыняў закон аб адпраўцы імігрантаў-суіскальнікаў прытулку ў Руанду, перадае Бі-Бі-Сі. Па словах прэм'ер-міністра Рышы Сунака, першыя самалёты з суіскальнікамі прытулку адправяцца ў Руанду праз два-тры месяцы.
Урад спадзяецца, што нелегальныя імігранты, якія перапраўляюцца ў Брытанію на лодках, спалохаюцца перспектывы апынуцца ў Цэнтральнай Афрыцы.
Законапраект быў апублікаваны яшчэ ўвесну 2022 года, калі прэм'ер-міністрам быў Борыс Джонсан. У тым жа годзе Брытанія заключыла з Руандай дамову, каб тая разглядала хадайніцтвы аб прытулку, пададзеныя дэпартаванымі з Брытаніі імігрантамі. Калі хадайніцтва атрымае станоўчы адказ, імігрант будзе мець права застацца ў Руандзе, а не паляцець назад у Брытанію.
Пасля гэтага два гады ўрад кансерватараў вёў спрэчкі наконт гэтага плана з апанентамі — у брытанскім Вярхоўным судзе, які вырашыў, што Руанда недастаткова бяспечная, і ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека.
Цяпер у Брытаніі рашэння аб прытулку чакаюць каля 52 тысяч нелегальных імігрантаў. Усе яны неўзабаве могуць апынуцца ў Руандзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.