Вярхоўная Рада Украіны ўначы і ў каранцін прыняла закон аб рынку зямлі

Вярхоўная Рада Украіны ўначы і ў каранцін прыняла закон аб рынку зямлі

Вярхоўная Рада Украіны ўначы і ў каранцін прыняла закон аб рынку зямлі. Для гэтага фактычна ўтварылася неафіцыйная кааліцыя прапрэзідэнцкай "Слугі народу" і апазіцыйных фракцый "Еўрапейская салідарнасць", "Голас". Гэта выдатна відаць па выніках галасавання. У "СН" з-за неадназначных адносін да закону адбыўся раскол і сваіх галасоў не хапала (206 галасоў "за", а патрэбны былі 226). Але тут і дапамаглі згаданыя фракцыі (+36 галасоў). Некаторыя эксперты заявілі пра змову ўлады і экс-прэзідэнта Пятра Парашэнкі, які нібыта атрымаў імунітэт ад крымінальнага пераследу.

У панядзелак у парламенце выступіў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, які шчыра заявіў: законы аб рынку зямлі і аб банках патрэбны Украіне для таго, каб атрымаць крэдыт МВФ. Некаторыя апазіцыйныя фракцыі пачалі зацягваць прыняццё закону з дапамогай шматлікіх паправак. Рэзка супраць рынку зямлі выступіла Юлія Цімашэнка. Тым не менш, уначы закон быў прыняты ў другім чытанні — 259 галасоў "за". Цікава, што апазіцыянеры неаднаразова заяўлялі, што ў паўпустой зале замала дэпутатаў, прапаноўвалі правесці рэгістрацыю, але гэтага зроблена не было.

Закон аб абароце земляў сельскагаспадарчага прызначэння ўводзіць рынак зямлі ва Украіне з 1 ліпеня 2021 года. Набываць яе змогуць выключна фізічныя асобы-грамадзяне Украіны (у законе абмежаванне — агулам не больш за 100 гектараў). Юрыдычныя асобы змогуць купляць зямлю з 2024 года (абмежаванне — да 10 тысяч гектараў). Продаж зямлі замежнікам забараняецца. Аднак гэтае пытанне могуць вынесці на рэферэндум.

Прэм'ер-міністр Дзяніс Шмыгаль заявіў, што прыняццё закону пра рынак зямлі дасць значны штуршок для развіцця эканомікі Украіны.

Улада Украіны здолела "працягнуць" закон у зручны для сябе час — з-за каранавіруса апазіцыя не можа сабраць масавыя вулічныя акцыі пратэсту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі