Вярхоўны суд пакінуў у сіле смяротны прысуд Івану Куляшу

Вярхоўны суд пакінуў у сіле смяротны прысуд Івану Куляшу

Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі пакінула ў сіле смяротны прысуд жыхару Лідскага раёна Івану Куляшу. Сам абвінавачаны ў забойстве трох жанчын, а таксама ва ўчыненні іншых злачынстваў прасіў не змяняць вынесены яму раней прысуд, бо ён "заслужыў" смерць, інфармуе БелаПАН.

Касацыйная скарга, якую падаваў адвакат Куляша Міраслаў Карэцкі, разглядалася 29 сакавіка. Цяпер Карэцкі звернецца да кіраўніка дзяржавы з хадайніцтвам аб памілаванні ад імя Куляша, нават нягледзячы на тое, што той не аспрэчвае прысуд.

Як паведамляла Еўрарадыё, у лістападзе 2015 года Гродзенскі абласны суд прыгаварыў 28-гадовага Івана Куляша да вышэйшай меры пакарання — смяротнай кары. Яго прызналі вінаватым у забойстве траіх прадаўцоў у Лідзе і Лідскім раёне (у адным выпадку ён нанёс жанчыне больш за дзясятак удараў сякерай), у крадзяжы і разбоі. Таксама яго прызналі вінаватым у замаху на забойства сына прадаўшчыцы, які заспеў яго ў краме на месцы злачынства.

Як вядома, Беларусь застаецца адзінай у Еўропе краінай, дзе дагэтуль існуе смяротнае пакаранне. Савет Еўропы, ЕС, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі неаднаразова заклікалі ўлады Беларусі аб`явіць мараторый на гэты від пакарання.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі