“Вярнуць Украіну ў пазіцыю сілы”, як прайшоў саміт кіраўнікоў МЗС краінаў NATO
Брусельскі аэрапорт
4 снежня ў Брусэлі завяршылася сустрэча кіраўнікоў МЗС краінаў NATO. Адметным гэтае мерапрыемства было тым, што тут упершыню з'явіўся міністр замежных спраў Украіны Андрый Сыбіга (на пасадзе з верасня 2024 года) і гэта апошняя сустрэча для Энтані Блінкена ў якасці прадстаўніка Дзярждэпартамента ЗША.
Першай гэтая сустрэча стала і для Еўрарадыё.
Што на парадку дня
Штаб-кватэра NATO знаходзіцца на самай мяжы горада з адміністрацыйнай часткай Бельгіі Фландрыя.
У нас вялікая група журналістаў, кожны размаўляе на сваёй мове. Маё вуха чапляецца за грузінскую, акурат у іх краіне цяпер не спыняюцца пратэсты. Потым бачу вялікую групу ўкраінскіх тэлевізійшчыкаў. Пытанні пра іхныя краіны будуць напэўна стаяць на парадку дня першымі.
Мая ж задача — пачуць адказы на пытанні пра Беларусь.
Cлужбовая асоба NATO ўводзіць нашую групу журналістаў у кантэкст сустрэчы. На парадку дня — Украіна, гібрыдныя атакі Расіі на краіны Альянсу, сітуацыя на Бліжнім Усходзе, а галоўным госцем стане кароль Іарданіі Абдала ІІ.
Арыентацыю ў невялікім кавалачку прасторы для журналістаў у велізарным будынку штаб-кватэры прайшлі: тут можна працаваць, тут паесці, а ў “Старбаксе” — выпіць каву. Атмасфера вельмі спакойная, нават ціха, як у царкве, пакуль. Засталося толькі падрыхтавацца да наступнага дня.
Першы дзень
Ніхто з афіцыялаў яшчэ не прыехаў, а дзень журналіста пачаўся з кантэкстнага брыфінгу за вялікім авальным сталом, прысвечанага гібрыдным атакам Расіі ў краінах NATO. Гэта адна з тэмаў на павестцы, якой міністры будуць надаваць вялікую ўвагу, бо такіх выпадкаў апошнім часам паболела.
Паводле слоў высокапастаўленага чыноўніка NATO, нягледзячы на тое, што краіны не з’яўляюцца бокам канфлікту ва Украіне, супраць іх вядзецца “працяглая штодзённая гібрыдная кампанія”.
Сюды ўваходзяць кібератакі, палітычнае ўмяшанне, вымушаная міграцыя ў некаторых краінах, пагрозы крытычнай падводнай інфраструктуры і напады на яе, а таксама дыверсіі, колькасць якіх апошнім часам расце.
Адказваючы на пытанне пра рэакцыю краін на гэтыя атакі, аналітык NATO адзначыў, што ўжо існуюць канкрэтныя варыянты адказу, і некаторыя з іх ужо актыўна выкарыстоўваюцца.
На маё пытанне пра ўдзел Беларусі ў гэтых дзеяннях, аналітык адзначыў, што ведае пра ваенныя і палітычныя, але "калі гаворка ідзе пра гібрыдныя дзеянні", то такой інфармацыі не паступала.
Але гэта не значыць, што такога не можа быць.
Пасля прэс-канферэнцыі генеральнага сакратара, у пунктах праграмы doorsteps, або сустрэча кожнага асобнага міністра на галоўным уваходзе ў штаб-кватэры.
Нашая калега анансавала, што зараз прыедзе міністр замежных спраў Украіны Андрый Сыбіга, які паабяцаў паказаць нешта цікавае.
Пакуль мы чакалі Сыбігу грузінскі журналіст заўважыў маю торбу з выявай Пірасмані і запытаўся, адкуль яна ў мяне. Праз пяць хвілін, ён паказваў мне кадры, як яго і журналісцкую каманду збіваюць спецназаўцы. За гэты час у Грузіі пацярпела ўжо 30 журналістаў. На пытанне, якое тычылася сітуацыі ў іх краіне новы кіраўнік NATO Марк Рутэ адказаў, што паведамленні адтуль “выклікаюць глыбокую занепакоенасць”.
“Я настойліва заклікаю ўрад зрабіць усё магчымае для садзейнічання міру і стабільнасці, што адпавядае інтарэсам усіх грамадзян Грузіі”, — сказаў ён і дадаў, што “саюзнікі падкрэсліваюць важнасць таго, каб Грузія заставалася на шляху, выбраным некалькі гадоў таму, і заклікаюць урад не адыходзіць ад сваіх дэмакратычных і інтэграцыйных мэт”.
Аператары рыхтуюць камеры, калі праз галоўны ўваход сціпла праходзіць Габрыэлюс Ландсбергіс. Літоўскі міністр замежных спраў, вядомы сваёй прамалінейнасцю, вітае журналістаў з лёгкай усмешкай і рушыць далей па сваіх справах. Для яго гэты саміт — апошні.
Кіраўнік украінскага МЗС сапраўды прыехаў не з пустымі рукамі. Ён трымаў Будапешцкі мемарандум, бо 5 снежня спаўняецца 30 гадоў з яго падпісання. Як сказаў Сыбіга, гэтым дакументам ён хоча “нагадаць пра памылкі”.
“Гэта напамін, што ніякія доўгатэрміновыя рашэнні, коштам бяспекі Украіны непрымальныя. Гэты дакумент не змог гарантаваць ні ўкраінскую бяспеку, ні трансатлантычную. Мы павінны пазбегнуць паўтарэння гэтых памылак і, вядома, будзем абмяркоўваць канцэпцыю "да міру праз сілу", — сказаў міністр журналістам перад пачаткам сустрэчы.
І потым ён дадаў, што цяпер патрэбныя “гістарычныя рашэнні”. Ці такія будуць? Пакуль не ведаем.
Што тычыцца выкарыстання расіянамі балістычных ракет сярэдняй далёкасці (тут маюцца на ўвазе “Арэшнік”), то, на думку NATO, яны не змяняюць ход вайны.
“Мэта Расіі — не толькі тэрарызаваць грамадзянскае насельніцтва Украіны, але і запалохаць тых, хто падтрымлівае Украіну, калі яна абараняе сваю суверэннасць ад незаконнай і неапраўданай расійскай агрэсіі”, — заявіў Рутэ.
Ён запэўніў, што новая ракета не спалохала саюзнікаў і ўсе яны яшчэ тыдзень таму пацвердзілі гатоўнасць працягваць падтрымку Украіны ў вайсковым канфлікце.
Надышоў час абеду. У натаўскай сталоўцы можна пакаштаваць рознае. Мой выбар упаў на фламандскае блюда, якое складалася з ялавічыны і бульбы фры.
За абедам калега з Расіі спытаў пра мае ўражанні, а яны даволі простыя — NATO як NATO. Звычайны офіс, у якім працуюць, як людзі ў цывільным, так і ў форме. Іх мэта — штодзённа дыскутаваць аж да моманту, пакуль не пагодзяцца абсалютна ўсе, нават геаграфічна маленькая краіна. І гэта можа адбывацца ў любым кутку штаб-кватэры, нават у “Старбаксе”.
Лічбы дня: Падчас прэс-канферэнцыі Марк Рутэ ацаніў колькасць пацярпелых расійскіх вайскоўцаў у 700 тысяч чалавек. Паводле іншага чыноўніка NATO, сярэдняя лічба стратаў расійскага войска, якую зафіксавалі ў Альянсе, дасягае 1500 чалавек у дзень. На думку апошняга, гэта можа быць звязана з “з пашырэннем зоны баявых дзеянняў у Харкаўкай вобласці Украіны і ў Курскай вобласці Расіі”.
Другі дзень
Апошні дзень пачаўся з кароткай сустрэчы з Маркам Рутэ каля галоўнага ўваходу. Падчас размовы ён, між іншым, адзначыў, што мінулым вечарам разам з украінскай дэлегацыяй абмяркоўвалі пастаўкі дапамогі для абароны крытычнай інфраструктуры Украіны, асабліва ў зімовы перыяд.
Пазней украінскі міністр паведаміць, што перадаў спіс краінам, якія маюць адпаведныя сістэмы. Андрый Сыбіга падкрэсліў, што “час грае ключавую ролю”, таму трэба, каб пастаўкі сістэмаў для абароны канкрэтных аб’ектаў адбыліся да канца гэтага года. А гэта, паводле яго слоў, не менш за 20 дадатковых сістэм СПА. Пазней ён удакладніў, што гаворка ішла пра неабходнасць абараніць ад расійскіх нападаў 19 аб'ектаў, звязаных з энергетыкай (перш за ўсё, з атамнай).
Па выніках ягонай апошняй прэс-канферэнцыі галоўным пасылам сустрэчы стала ідэя “паставіць Украіну ў пазіцыю сілы”. Менавіта з такой пазіцыі, лічаць у NATO, варта пачынаць размаўляць пра мірныя перамовы.
А ці стала Украіна бліжэйшай да Альянсу? Гэта “непазбежна”.
“Варта не забываць, што яшчэ ў 2008 годзе ў Бухарэсце было прынята рашэнне пра тое, што будучыня Украіны павінна быць звязана з NATO, а затым у Вашынгтоне было зацверджана рашэнне аб незваротным шляху Украіны да членства ў Альянсе”, — сказаў Марк Рутэ.
У канцы адказу ён яшчэ раз нагадаў пра “пазіцыю сілы”.
“Першы крок [да перамоваў] — гэта гарантаваць, каб Украіна перайшла ад цяперашняй слабой пазіцыі да пазіцыі сілы, што зменіць траекторыю. Менавіта таму я выкарыстоўваю гэты тэрмін: каб Украіна змагла пачаць перамовы”, — сказаў генсакратар NATO.
Лічбы дня: Да канца паўнамоцтваў Джо Байдэна ЗША плануюць пералічыць Украіне дапамогу на суму 61 мільярдаў долараў, запэўніў Энтані Блінкен пасля завяршэння міністэрскай сустрэчы NATO.
Таксама Андрый Сыбіга і амерыканскі дзяржсакратар падпісалі мемарандум пра энергетычную падтрымку Украіны, які прадугледжвае магчымасць амерыканскай дапамогі на агульную суму 825 мільёнаў долараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.