Вязням на Акрэсціна цяпер таксама можна дасылаць лісты
Адміністрацыйна арыштаваныя вязні атрымалі магчымасць свабодна ліставацца.
Пра гэта Еўрарадыё распавяла праваабаронца Наста Лойка. Па яе словах, такая мера прадугледжаная новымі нормамі Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Лойка: "Ім дазваляецца атрымліваць і дасылаць лісты і тэлеграмы без абмежавання колькасці. Гэта адбываецца за кошт саміх адміністрацыйна арыштаваных. Карэспандэнцыя, якая атрымоўваецца і дасылаецца, падлягае цэнзуры і парадак атрымання і дасылання лістоў і тэлеграм вызнчачаецца правіламі ўнутранага распарадку. Гэта больш удасканаленыя нормы. Раней былі замацаваныя толькі тэлеграмы, і тое гэта было толькі ў правілах унутранага распарадку. А цяпер паўнавартасна, на ўзроўні кодэкса ім дазволена дасылаць і лісты, і тэлеграмы. І гэта вельмі добры крок наперад, бо ёсць магчымасць падтрымліваць камунікацыю не толькі праз адваката, напрыклад".
У турме на Акрэсціна зараз знаходзіцца моладзевы актывіст Павел Вінаградаў. Праваабаронца прапануе дасылаць яму лісты: Вінаградаву Паўлу Юр'евічу, 220089, Мінск, 1-ы зав. Акрэсціна, 36А, ЦІП. У ліст варта ўкласці чыстыя канверты з маркай па Беларусі, каб вязень мог адказаць.
Фота — interfax.by