Выказваем заклапочанасць: Алімпіяда пачалася, але ёсць і іншыя навіны

Вельмі хутка раскажам пра падзеі ў свеце / калаж Еўрарадыё
Вельмі хутка раскажам пра падзеі ў свеце / калаж Еўрарадыё

Увесь дзень мы расказвалі вам пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Вечар — ідэальны час прачытаць пра тое, што адбывалася ў свеце.
 

Хутчэй, вышэй, мацней — разам!

Гэта новы слоган Алімпійскіх гульняў, якія ўсё ж пачаліся! Іх адклалі на год, але Токіа не здаваўся, і вось ужо сёння спартсмены ідуць па паўпустым алімпійскім стадыёне.

Хтосьці трымае сацыяльную дыстанцыю, як дэлегацыя з Украіны. А хтосьці танцуе, як зборная Аргенціны!

Гледачоў на стадыёне няма, але гэта не значыць, што цырымонію наогул ніхто не глядзіць. Эмануэль і Брыджыт Макроны прыляцелі, каб назіраць ужывую. Французскі прэзідэнт — адзіны сусветны лідар, які наведаў у гэты дзень Токіа, не лічачы японскага імператара. Астатнія аматары спорту і відовішчаў сочаць за анлайн-трансляцыяй.

Ім, дарэчы, здаецца, што стадыён поўны людзей. Але журналісты СNN расказалі, як арганізатары дамагліся такога эфекту: зрабілі абіўку сядзенняў рознакаляровай.

А вось на вуліцах людзі ёсць. Некаторыя з іх — з транспарантамі і пратэставымі лозунгамі. Чаму? Яны супраць правядзення Алімпіяды ў пандэмію. І лічаць, што ўкладзеныя грошы варта было накіраваць на барацьбу з каранавірусам.

І так, у Токіа — рэжым надзвычайнай сітуацыі праз COVID-19. Цырымонія адкрыцця Алімпіяды завяршылася хвілінай маўчання па ахвярах каранавіруса.

Дзе пасівеў дырэктар ЦРУ?

Дырэктар ЦРУ Уільям Бёрнс прызнаўся, што пасівеў на службе ў Маскве.

"Большая частка маіх сівых валасоў з'явілася, калі я служыў у Расіі", —  сказаў Бёрнс, які займаў пасаду амбасадара ЗША ў РФ у 2005–2008 гадах.

Чаму ён пра гэта ўспомніў? Журналісты пыталіся пра кібератакі з боку Масквы, а Бёрнс даваў зразумець, што добра знаёмы з тэматыкай амерыканска-расійскіх адносін.

Кіраўніка выведкі спыталі, ці ёсць прыкметы зніжэння колькасці кібератак з Расіі пасля саміту на найвышэйшым узроўні. Але ацэньваць дзеянні Масквы ў барацьбе з кіберзлачыннасцю ў ЦРУ плануюць не праз месяц пасля саміту ў Жэневе, а хоць бы праз паўгода.
 

Небяспекі перакладу

Афганцы дапамагалі амерыканскім вайскоўцам. Цяпер ім самім патрэбна дапамога. Сярод тых, пра каго ідзе гаворка, мноства перакладчыкаў.

Усяго каля 18 000 афганцаў, якія працавалі на ўзброеныя сілы ЗША, падалі заяву на атрыманне спецыяльнай іміграцыйнай візы, якая дазволіць ім выехаць у Злучаныя Штаты.

14 ліпеня Белы дом заявіў, што пачынае аперацыю "Прыстанішча хаўруснікаў". Мэта — перасяліць тысячы афганскіх перакладчыкаў, якія працавалі на ЗША. Эвакуацыя павінна пачацца ў апошні тыдзень ліпеня. Прэтэндаваць на выратаванне змогуць тыя, хто падаў заяўку на спецыяльную іміграцыйную візу.

Адміністрацыя прэзідэнта ўжо заяўляла, што вядзе перамовы і з іншымі краінамі. Іх просяць дапамагчы афганцам атрымаць прыстанішча, пакуль ЗША не завершыць працяглы працэс выдачы віз.

Талібан у чэрвені заявіў, што не стане пераследаваць мясцовых жыхароў, якія супрацоўнічалі з амерыканскімі вайскоўцамі. Але тых людзей, з якімі пагаварылі журналісты CNN, гэтыя словы не супакоілі:

"Мы не можам тут дыхаць. Талібан нас не пашкадуе".

Вы думалі, толькі беларусам складана падарожнічаць?

Еўропа і ЗША таксама ніяк не могуць дамовіцца пра пашпарты вакцынацыі, піша Bloomberg.

ЗША не спяшаліся здымаць забарону на ўезд з большай часткі краін Еўропы, уведзеную пры адміністрацыі Трампа.

Еўропа вядзе перамовы з ЗША з мінулага месяца. Бакі стварылі працоўную групу, каб прыдумаць, як можна вярнуць трансатлантычныя падарожжы. Гэта трэба не толькі турыстам, але і авіякампаніям.

Трансатлантычныя пералёты — вельмі выгадны кірунак. Лётаюць гэтым маршрутам заможныя турысты, якія яшчэ і гатовыя даплачваць за месцы ў бізнес-класе. Адным словам, перавозчыкі вельмі хацелі б, каб усе гэтыя пасажыры вярнуліся.

І вось з канца чэрвеня Еўропа паступова пачала адкрывацца для іншых краін, у тым ліку ЗША. Але жэсту ў адказ ад Штатаў не было. Амерыканцы могуць адпачыць у Грэцыі, а вось еўрапейцы злётаць у Маямі ўсё яшчэ не могуць.

Канцэпцыя COVID-пашпартоў у ЗША сустрэла супраціў, і асабліва з боку рэспубліканцаў.
 

Што лепш: медаль або імянное эмодзі?

Ніхто не забярэ ў спартсмена дзве рэчы: алімпійскі медаль і імянное эмодзі.

Амерыканская гімнастка Сімона Байлз спачатку здабыла чатыры алімпійскія золаты, а цяпер яшчэ і эмодзі. І гэты эмодзи — каза. Што? Гэта і ёсць прызнанне? На самай справе так.

Англійскае слова "каза" — гэта абрэвіятура для "найвялікшы ва ўсе часы". Хэйтары абвінавачвалі Сімону ў залішняй самаўпэўненасці, і аднойчы ў інтэрв'ю яна сказала, маўляў, закажу сабе купальнік з відарысам казы. Каб нагадваць усім, што яна і праўда найлепшая.

Знаўцы таленту ацэняць жарт, а хэйтары — працягнуць ненавідзець, разважала дзяўчына.

Так, дарэчы, у гонар Сімоны ўжо названа пяць гімнастычных элементаў. Спадзяёмся, што пры такой колькасці ўзнагарод і прызнання эмодзі яе ўсё ж таксама парадуе.

Што ж, сёння ўсё пачынаецца Алімпіядай і ёю ж заканчваецца. Так, мы маем на ўвазе, што самы час уключаць жывыя трансляцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі