Выказваем заклапочанасць: прэзідэнт, турма, неспакойны Трамп і спакойны Наўседа

Вельмі хутка пра падзеі ў свеце
Вельмі хутка пра падзеі ў свеце

У гэтым аглядзе будуць у асноўным дрэнныя навіны і адзін урок вытрымкі ад літоўскага прэзідэнта.
 

Жывых больш няма

Два тыдні амерыканскія ратавальнікі спадзяваліся на цуд, працуючы на руінах шматпавярховага дома, які абрынуўся ў Маямі.

Пад абломкамі знайшлі целы 54 загінулых. Многіх — проста на ложках. Дом абваліўся глыбокай ноччу 24 чэрвеня.

Па-ранейшаму зніклымі без вестак лічацца каля ста чалавек. Многія дні ратавальнікі працавалі зменамі па 14 гадзін у суткі, спадзяваліся, што людзі маглі выратавацца ў так званых паветраных кішэнях. Ім дапамагалі ратавальнікі з суседніх краін, ім перашкаджаў ураган Эльза, але яны працягвалі шукаць людзей.

Але праз два тыдні пошукаў мэр прыняў цяжкае рашэнне і агучыў: ад аперацыі па пошуку і выратаванні людзей улады пераходзяць да вымання іх парэшткаў. Шанцаў знайсці ў руінах жывых ужо не засталося.

Цяпер калегія прысяжных будзе разбірацца з прычынамі абвальвання. Пра тое, што будынку патрабуецца капітальны рамонт, было вядома даўно. Але калі яго трэба зрабіць, так і не паспелі вырашыць.

 

На Гаіці ўсё вельмі дрэнна

Учора стала вядома пра забойства прэзідэнта Гаіці Жавенеля Маіза. Дрэнныя навіны з вострава толькі пачынаюцца.

Паліцыя прынялася за пошукі вінаватых. За ноч чацвёра падазраваных былі забітыя, яшчэ двое — затрыманыя. Абвешчана ваеннае становішча. Закрытыя мяжы.

На Гаіці і да гэтага ўсё было вельмі дрэнна. Больш як палова людзей жывуць на два долары ў дзень. Бушуе COVID-19. Нарастаюць сутыкненні паміж злачыннымі групоўкамі і паліцыяй. З 2020 года фактычна няма парламента.

Карацей, у краіне і без таго хапала крызісаў. Цяпер жыхары найбяднейшай у заходнім паўшар'і дзяржавы павінны будуць разабрацца яшчэ і з палітычным. На пасаду выканаўцы абавязкаў прэзідэнта ўжо прэтэндуюць двое кандыдатаў.

Прэзідэнт здаўся

Прэзідэнт ПАР Джэйкаб Зума пасля доўгіх спрэчак з судом усё ж здаўся паліцыі. 79-гадовага прэзідэнта змесцяць пад варту. Раней яго прысудзілі да 15 месяцаў зняволення за непавагу да суда.

Спачатку Зума параўноўваў гэтыя дзеянні суда з палітыкай апартэіду, а яго прыхільнікі абкружалі рэзідэнцыю экс-прэзідэнта, каб не даць паліцыі арыштаваць былога лідара. Але цяпер ён сам прыйшоў у паліцыю.

Чым Зума абразіў суд? Ён не з'яўляўся на пасяджэнні, на якіх разглядаліся карупцыйныя справы. Экс-лідара прасілі адказаць на пытанні пра яго меркаваную датычнасць да карупцыі ў гады знаходжання на пасадзе. Зума раней шмат разоў адмаўляў высунутыя супраць яго абвінавачанні.

У турме ён ужо бываў у гады барацьбы з апартэідам. Ён правёў у зняволенні 10 гадоў.

Але, магчыма, зняволенне Зумы гэтым разам працягнецца не так доўга. Ужо 12 ліпеня яго адвакаты паспрабуюць пераканаць суд прыняць пад увагу змякчальныя абставіны і вынесці больш мяккі прысуд. У рэшце рэшт, прэзідэнт ужо не малады і раней заяўляў, што такі доўгі тэрмін для яго можа стаць у дні COVID смяротным прысудам.

 

Ёсць такая прафесія — прэс-канферэнцыю працягваць

Сёння прэзідэнт Іспаніі Пэдра Санчэс наведвае вайсковую базу НАТА ў Літве: там служаць іспанскія вайскоўцы.

Проста пад носам у баявога знішчальніка Санчэс павінен быў даваць прэс-канферэнцыю разам з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам. І тут прагучаў сігнал трывогі — у самы разгар выступлення літоўскага лідара.

Тут жа ўварваліся вайскоўцы і пачалі грузіцца ў знішчальнік за прэзідэнцкімі спінамі. Як піша іспанская El mundo, прагучала каманда Alfa, якая азначае, што пагроза рэальная, а не навучальная. Пагрозай, па словах выдання, быў неапазнаны расійскі самалёт, які ляцеў над Балтыкай без плана палёту. Два знішчальнікі падняліся, каб яго апазнаць.

Знішчальнікі і без трывогі павінны былі сёння лётаць — з нагоды высокага візіту яны збіраліся здзейсніць навучальны манеўр. Але выйшла нават відовішчней.

Прычым складана сказаць, што больш відовішчна: палёт знішчальніка або вытрымка Наўседы. Калі ў яго за спінай салдаты ўжо беглі да знішчальніка, ён нават паспрабаваў працягнуць прэс-канферэнцыю. Але ўсё ж вырашыў не стаяць на дарозе самалёту.

Навіны сённяшняга дня прымусілі вас панікаваць? Вучыцеся вытрымцы ў літоўскага прэзідэнта.

Трамп хоча вернуць свае акаўнты

Вытрымкай можа пахваліцца не толькі Наўседа. Экс-прэзідэнт ЗША Дональд Трамп збіраецца судзіцца і запатрабаваць аднаўлення сваіх акаўнтаў у сацсетках. Уражальная настойлівасць.

Нагадаем: твітар назаўжды заблакаваў Трампа. А фэйсбук адхіліў былога прэзідэнта ад сваёй сеткі як мінімум на два гады.

"Калі яны могуць зрабіць гэта са мной, яны могуць зрабіць гэта з кім заўгодна", — сказаў Трамп, сабраўшы прэс-канферэнцыю ў сваім гольф-клубе.

Можна заблакаваць Трампа, але не навіны пра яго. Навіны спыняцца, толькі калі стануць нецікавыя людзям.

І гэта датычыцца любых навін. А для заблакаваных ёсць vpn.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі