Выкладчык і студэнт дзялілі хабар, але сеў толькі выкладчык

Цэлы год віцебскі студэнт перадаваў выкладчыку хабар за здачу курсавых і залікаў. Зарабіў на гэтым 350 тыс. рублёў і данёс на выкладчыка ў міліцыю.
Як высветлілася на судзе, хабар супрацоўнік Віцебскай Акадэміі ветэрынарнай медыцыны браў адносна невялікі. Гэтак, залік па “Аператыўнай хірургіі” каштаваў ад 25 да 40 тыс. рублёў, станоўчая адзнака за курсавую работу каштавала каля 140 тыс. На судовым працэсе былі даказаныя факты хабару прынамсі ад чатырох студэнтак.

Для перадачы грошай выкладчык выкарыстоўваў пасярэдніка — студэнта той самай акадэміі, якому плаціў “навар” — 5 тыс. з кожнай “здзелкі”.  Ці гэтая сума перастала задавальняць саўдзельніка, ці з іншай нагоды, але студэнт напісаў заяву ў міліцыю. Улічыўшы добраахвотнае прызнанне, павярэдніка караць ня сталі, а вось выкладчыку прысудзілі 6 год турмы з канфіскацыяй маёмасці.

Пракуратура Кастрычніцкага раёну Віцебска пастанавіла ўзмацніць меры па барацьбе з хабарніцтвам у Акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Цяпер у гэтай ВНУ стаіць адмысловая паштовая скрыня для скаргаў.

Нягледзячы на падобныя мерапрыемствы, хабарніцтва у віцебскіх ВНУ працягваецца. Час ад часу адбываюцца гучныя судовыя працэсы, якія, падобна, ня дужа палохаюць рызыкантаў-выкладчыкаў. Так, у чэрвені летась за хабар судзілі выкладчыка з Наваполацку, які мог “арганізаваць” паспяховую здачу іспыту за 150 долараў, а за 1 млн. рублёў студэнт мог увогуле не прыходзіць на залікі ды іспыты напрыканцы семестру. За асобную плату залічваліся курсавыя ды кантрольныя работы. І працавала гэтая сістэма, пакуль пракуратура не завяла крымінальную справу супраць выкладчыка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі