Выкрадальнікі Ірыны Экпа-Ума збіралі грошы на выбары губернатара

На пачатку верасня Ірына Экпа-Ума наведала Мінск і прайшла абследаванне ў Інстытуце траўматалогіі ў Курасоўшчыне. А таксама расказала падрабязнасці свайго выкрадання. Як раней паведамляла Еўрарадыё, нігерыйскія баевікі захапілі беларуску вечарам 5 траўня. Здарэнне адбылося ў горадзе Порт-Харкорт. У закладніках маці чатырох дзяцей знаходзілася 11 дзён, пакуль яе не вызвалілі з палону. Падчас захопу Ірыне прастрэлілі нагу. З кулявым раненнем, заражэннем крыві і малярыяй яе адразу пасля вызвалення самалётам накіравалі ў лонданскі шпіталь.

Еўрарадыё звязалася з братам Ірыны Алегам Гівоіным, які расказаў, чым займалася і як бавіла час беларуска на радзіме. Напярэдадні прыезду Ірына прайшла чарговае абследаванне ў лонданскім шпіталі, дзе ёй паведамілі, што нага загойваецца дрэнна і ёй неабходна рабіць перасадку косткі. Аднак беларускія медыкі прыйшлі да іншай высновы.

Алег Гівоін: “Зрабілі ёй здымкі не вельмі якасныя ў Лондане. З боку ўваходу кулі зрабілі здымак, а з другога боку – не. Паглядзелі візуальна і прыйшлі да высновы, што ў яе не нарастае касцявая мазоль. І яна ў Інстытуце траўматалогіі, у Курасоўшчыне, цалкам прайшла абследаванне. Нашы дактары сказалі, што не трэба будзе рабіць другой аперацыі – загойванне ідзе добра”.

Часу на тое, каб наведаць усіх сваякоў і вандраваць па Беларусі, з-за медыцынскага абследавання ў Ірыны не было. У нядзелю 16 верасня жанчына вярнулася ў Нігерыю, дзе працягвае працаваць у той жа англійскай кампаніі, што і раней. Дарэчы, нарэшце стала вядома, што захопнікам Ірыны заплацілі выкуп за яе вызваленне. Гэта пацвердзіў Алег Гівоін.

Алег Гівоін: “Пра суму, якую заплацілі за яе вызваленне, Ірына сказала, што яе ведае толькі яна і кампанія. Яны ўсе добра застрахаваныя – і яна, і кампанія. Таму пацярпела страхавая кампанія”.

Стала вядома і тое, што асобы “таемных баевікоў” для Ірыны не складаюць сакрэту.

Алег Гівоін: “Тых 8 чалавек, якія яе захоплівалі, вылічыць для яе не складае праблемы. Але паколькі ёй там жыць і працаваць, то… Там усе гэтыя захопы звязаныя з палітыкай. Такім чынам збіралі грошы на выбарчую кампанію губернатара”.

Толькі, відаць, грошай, якія заплацілі за вызваленне Ірыны Экпа-Ума, кандыдату ў губернатары не хапіла, каб выйграць выбары. Па словах Алега Гівоіна, Ірына прыйшла да такой высновы, зыходзячы з таго, што і пасля выпадку з ёй захопы працягваліся.

Распавядаючы пра сваё вызваленне, Ірына, кажа яе брат, вельмі нізка ацаніла прафесіяналізм спецслужбаў, якія гэтым займаліся.

Алег Гівоін: “Ніякага прафесіяналізму не было. Захопнікі пакінулі яе на адной дарозе, пазванілі ў ФСБ і паведамілі, дзе яна знаходзіцца. Іра праляжала там 2 гадзіны. Потым прыехалі тыя самыя баевікі, якія высадзілі яе ў гэтым месцы і перавезлі на іншую дарогу. Выявілася, што ФСБ не ведалі той першай дарогі”.

Ірына Экпа-Ума вярнулася на працу ў Нігерыю. Шукаць і спрабаваць пакараць сваіх выкрадальнікаў яна не будзе. А Беларусь наведае пры першай магчымасці.

Фота — minsk.kp.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі