Вынесены прысуд мінчуку, які пагражаў кінуць гранату ў будынак міліцыі
Вынесены прысуд мінчуку, які пагражаў кінуць гранату ў будынак Гарадскога аддзела міліцыі № 1 Фрунзенскага РУУС. 37-гадовага мужчыну аштрафавалі. Да суда ён знаходзіўся за кратамі.
Як паведамляе minsknews.by, мінчук быў пакрыўджаны на міліцыянера, які прыцягнуў яго да адміністрацыйнай адказнасці і наклаў арышт на мабільны тэлефон ("у мэтах забеспячэння выканання спагнання ў выглядзе штрафу"). Ён быў у стане алкагольнага ап'янення, калі па мабільным тэлефоне патэлефанаваў з пагрозамі ў міліцыю на нумар "102". Яго хутка знайшлі, была распачата крымінальная справа.
Мужчына працаваў кантралёрам-касірам у гіпермаркеце, у яго ёсць малое дзіця. Сваю віну ён цалкам прызнаў. Суд хацеў яго аштрафаваць на 6400 рублёў, але з улікам тэрміну знаходжання за кратамі (ён не паведамляецца) штраф зменшылі да 1600 рублёў. Мабільны тэлефон канфіскавалі, а яго ўладальніка чакае прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.