Выйшлі з паба пакурыць, а апынуліся ў міліцэйскім пастарунку (відэа)

Выйшлі з паба пакурыць, а апынуліся ў міліцэйскім пастарунку (відэа)

У панядзелак раніцай IT-шнік Іван Марзан ездзіў здымаць пабоі. Якія атрымаў, па яго словах, ад ахоўнікаў сталічнага паба “Клевер”. Збітымі бакамі, канфліктам з супрацоўнікамі паба і паездкай у бліжэйшы міліцэйскі пастарунак скончыўся пятнічны вечар у пабе для Івана і Ганны Марзан.

Калі двума словамі, то здарылася наступнае. Кампанія з чатырох  айцішнікаў адпачывала ў пабе “Клевер”. У пэўны момант яны захацелі ўсе разам выйсці на вуліцу – ці то пакурыць, ці то проста падыхаць свежым паветрам. А каб ніхто не падумаў, што яны хочуць сысці не заплаціўшы, айцішнікі аплацілі свой рахунак і папрасілі некага з супрацоўнікаў столік нікому не аддаваць. Калі ж, па версіі Івана Марзана, праз 15 хвілін вярнуліся, то ўбачылі, што столік заняты, недапітыя напоі – прыбраныя. Канфлікт!

“Адміністратар на нашы прэтэнзіі адказвала груба, і мы папрасілі кнігу скаргаў”, – распавядае Іван.

Кнігу ім далі, але месца за барнай стойкой было не шмат і Ганна Марзан штурханула дзяўчыну, што сядзела побач і перашкаджала абураным кліентам пісаць свае прэтэнзіі.

 

Версія Івана Марзана

 

“Мая жонка хацела напісаць у кнігу скаргаў, але за барнай стойкай было цесна, і мая жонка штурханула дзяўчыну побач – так і было. Ахоўнік вынес яе з паба, кінуў на траву і душыў – сядзеў на ёй зверху. Але я не зрабіў нічога: хацеў забраць жонку, не даводзіць усё да напісання скаргі і сысці – каб уладзіць канфлікт. І менавіта я атрымаў ад ахоўнікаў каля 20 удараў”.

Выпілі яны на чатырох за вечар, прыгадвае Іван, па некалі кубкаў піва і “адзін ці два шота”. І былі калі і не цвярозыя, то цалкам адэкватныя. Бо нават у пастарунку, куды прывёз выкліканы адміністратарам паба нарад міліцыі, паставіліся да іх лагодна.

“У міліцыю мы паехалі ўсе разам. Там дзяжурны лейтэнант пагаварыў з маёй жонкай і параіў нам прыехаць праз пару гадзін, каб у цалкам цвярозым стане напісаць свае думкі. Мы так і зрабілі, у 7 гадзін раніцы ўжо былі ў тым РУУС, напісалі заяву, якую ў нас прынялі”.

 

Версія дырэктара паба Дзяніса Докіна

 

Пра аддадзены іншым людзям столік

“Яны сядзелі за сталом, разлічыліся цалкам і сышлі. Але ні ў каго з імі тэлепатычнай сувязі няма – што яны праз 40 (!) хвілін пажадаюць вярнуцца… Столік за гэты час занялі іншыя людзі – гэта абсалютна лагічна. Па іх словах, некаму крыкнулі, што яны прыйдуць – каму, што? Можа яны суседзям за суседнім сталом сказалі, што зараз вернуцца? Яны не падышлі да супрацоўнікаў зала”.

Пра грубіянства адміністратара ў размове з незадаволенымі кліентамі

“Гэта іх ацэначнае меркаванне. Ёсць погляд на сітуацыю цвярозага адміністратара, якая знаходзіцца ў адэкватным стане, і ёсць погляд чалавека, які выпіў тры літра піва, два “гарашчыя” кактэйлі і яшчэ нейкі там віскі. Як вы думаеце: у каго погляд больш адэкватны на тое, як размаўляць?”

Пра тое, чаму “вывелі” з паба Ганну Марзан

“Яна кідалася на людзей, драпала іх, крычала і нецэнзурна выказвалася. Яе трэба было вывесці. Абсалютна лічу правільнымі дзеянні сваіх супрацоўнікаў. Гэта была не ахова, а памочнік адміністратара – хлопец, крыху большы за мяне. Ён павінен быў нешта зрабіць. Гэта была адзіная магчымасць – узяць яе і акуратна… На самой справе, ніхто на ёй не сядзеў: проста яе ўзялі і вынеслі з установы”.

Пра тое, чаму вывелі з паба Івана Марзана, ці білі яго і хто

“Ён не стаяў там ціхенька – спрабаваў пабіцца з пастаянным госцем нашай установы. Таму яго таксама вывелі. А наколькі яны з тым чалавекам адзін аднаму нешта пашкодзілі, я не ведаю”.

Пра ўзровень нецвярозасці кампаніі ІТ-шнікаў

“Яны былі да такой ступені нецвярозымі, што, напэўна, да канца не памятаюць, што адбывалася. У цалкам неўмяняльным стане. Людзі рэальна напіліся да стану жывёлы. І замест таго, каб прыйсці і выбачыцца, яшчэ працягваюць скандаліць”.

 

У кампаніі з Іванам і Ганнай Марзан была Ганна Ш. са сваім сябрам.

Вось як яна апісвае падзеі

 

“Мы папрасілі кнігу скаргу, і я засталася размаўляць з адміністратарам, а Ганна пайшла пісаць. Павярнулася, а Івана паклалі тварам у падлогу. І два ахоўнікі пацягнулі яго на вуліцу. Потым адзін з іх вярнуўся, вырваў кнігу скаргаў у Ганні, і следам пацягнулі на вуліцу яе”.

Ганна Ш. таксама сцвярджае, што адміністратар размаўляла з імі груба. Кшталту: “Замову аплацілі і можаце вымятацца!” Калі б не гэта, канфлікту можна было б і пазбегнуць. Ну, і калі б іх пасадзілі за іншы столік. Чаго адміністратар нават не прапанавала. Па яе словах, ні з якім “пастаянным кліентам” Іван Марзан не біўся. Дарэчы, гэты факт для Івана таксама стаўся вялікай навіной.

Зараз бакі абвінавачваюць у канфлікце адзін аднаго, здымаюць пабоі і прыцягваюць да высвятлення адносінаў сведак. Але ўсе пытанні можна зняць адным паказам запісу з камер відэаназірання. Дырэктар “Клевера” абяцае неўзабаве перадаць запіс Еўрарадыё і абяцанне выконвае. Але гэтыя 25 секунд запісу – адзінае сведчанне канфлікту. Магчыма, усё адбывалася ў “мёртвай зоне”, але хто там быў правы, а хто – вінаваты, зразумець немагчыма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі