Вызвалілі беларуса, затрыманага пры падачы заявы на міжнародную абарону
Дакументы Аляксандра С.
Польскія памежнікі адпусцілі беларуса Аляксандра С., затрыманага пры падачы заявы на міжнародную абарону. Пры гэтым яму выдалі дакументы, што пацвярджаюць, што ў яго прынялі заяву на міжнародную абарону.
"Паколькі я нічога тут не парушыў за паўтара года знаходжання, яны [Кіраўніцтва ў пытаннях замежнікаў. — рэд.] не пагадзіліся з тым вердыктам, што вынеслі мне [у Агенцтве ўнутранай бяспекі. — рэд.], што [трэба. — рэд.] пакінуць Польшчу, бо я пагроза бяспецы", — перадае "Белсат" словы мужчыны.
Беларус мяркуе, што затрымалі яго памылкова.
Як расказвала Еўрарадыё, мужчына пакінуў Беларусь на пачатку 2023 года пад пагрозай палітычнага пераследу. У Польшчы ён падаваў заяву на ВНЖ, але яму адмовіла Агенцтва ўнутранай бяспекі, назваўшы пагрозай нацыянальнай бяспецы. Магчыма, адбылася бюракратычная памылка, і Аляксандра С. паблыталі з іншым чалавекам.
Мужчына кажа, што з ім звязваліся беларускія сілавікі і прапаноўвалі здымаць у Польшчы вайсковую тэхніку. За гэта яму абяцалі беспраблемнае вяртанне на радзіму. Аднак Аляксандр, па яго словах, адмовіўся.
Затрымалі мужчыну, калі ён паехаў у памежнае аддзяленне падаваць заяву на міжнародную абарону. Хутчэй за ўсё, падставай стала ўжо згаданае заключэнне Агенцтва ўнутранай бяспекі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.