Я, мабыць, тут памру — палітвязень Яўген Бароўскі пра хваробу ў калоніі

Яўген Бароўскі​
Яўген Бароўскі​

Пра сур'ёзныя праблемы са здароўем, якія ўзніклі ў палітвязня Яўгена Бароўскага, паведамляюць праваабаронцы.  Бароўскі знаходзіцца ў магілёўскай папраўчай калоніі №15 і ўжо каля трох тыдняў хварэе, але ў якасці медыцынскай дапамогі атрымлівае толькі ібупрафен.

"Я, мабыць, проста памру тут — мне настолькі дрэнна", — сказаў ён падчас апошняга званка жонцы 16 студзеня. Пра гэта жонка Яўгена Вераніка Бароўская і расказала праваабаронцам. Па яе словах, Яўген "тэлефанаваў у жудасным стане. У яго нос апухлы, ён жудасна кашляе і ў яго баліць галава, бо, хутчэй за ўсё, ужо пачаўся гаймарыт...".

У Бароўскага трымаецца тэмпература 38-39 градусаў. Пры гэтым ён працягвае хадзіць на працу.

"Яны там пераносяць нейкія жалезныя трубы. У іх пяцідзёнка, з 7.00 да 16.00", — расказала Вераніка.

Яўген напісаў у адміністрацыю калоніі заяву з просьбай дазволіць атрыманне медбандэролі ад сваякоў. Але яму адмовілі, аргументаваўшы тым, што ў медсанчастцы ПК-15 дастаткова медыкаментаў.

Напярэдадні Вераніка Бароўская ездзіла ў Магілёў у надзеі ўсё-такі перадаць лекі, але іх не прынялі, сказалі, што патрэбная заява "непасрэдна ад зняволенага". У выніку яна пакінула такую заяву ад свайго імені. Рашэнне будзе прынятае цягам 10 дзён, сказалі ёй у адміністрацыі калоніі.

Мінчука Яўгена Бароўскага асудзілі на чатыры гады калоніі агульнага рэжыму. Яго абвінавачвалі па двух артыкулах КК (гвалт над супрацоўнікамі міліцыі і актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Паводле версіі следства, Бароўскі і яшчэ трое абвінавачаных перашкодзілі амапаўцам затрымаць чалавека. Бароўскі сваёй віны не прызнаў. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі