“Я не паеду за мяжу”: як ціснуць на дырэктарку хоспіса ў Гродне

“Я не паеду за мяжу”: як ціснуць на дырэктарку хоспіса ў Гродне

Дырэктарка дзіцячага хоспіса ў Гродне Вольга Вялічка абураная паведамленнем, якое атрымала ад класнай кіраўніцы сына Міхася. Юнак тыдзень не хадзіў на заняткі, таму што хварэў — і лячыўся дома. Але ў настаўніцы іншае меркаванне.

"Вольга Віктараўна, добры вечар! Ці ачуняў Міхаіл? — цікавіцца настаўніца. — Вашы паводзіны як законнага прадстаўніка вучня ашаламляльна адрозніваюцца ад паводзін абсалютнай большасці бацькоў, з якімі мне даводзілася працаваць. У мяне з’явіліся сумневы ў тым, што дзіця атрымлівае медыцынскую дапамогу. Заўтра я паведамлю ўсім школьным службам і адміністрацыі школы пра тое, што сумняваюся адносна сямейнага дабрабыту Міхаіла".

“Я не паеду за мяжу”: як ціснуць на дырэктарку хоспіса ў Гродне
Паведамленне ад настаўніцы / "Фэйсбук"

Разам з мужам Сяргеем Вольга Вялічка выхоўвае дваіх дзяцей: Міхась вучыцца ў 9 класе, Радаслава — у 4-м. Цяпер дачка рыхтуецца да алімпіяды — “амаль выдатніца”. На мітынгі бацькі іх не водзяць, але простымі словамі тлумачаць, што адбываецца ў краіне, таму што “калі дзецям не адказваць на іх пытанні, дзеці пойдуць ды паглядзяць самі”. 

“Я не паеду за мяжу”: як ціснуць на дырэктарку хоспіса ў Гродне
Вольга і Сяргей Вялічкі / "Фэйсбук"

Вольга кажа, што да мінулай нядзелі ніякіх прэтэнзій ёй ніхто ніколі не прад'яўляў. Наадварот, сям'я атрымлівала падзякі за дапамогу школе.

“Міхась хварэў усяго пяць дзён, а мне ўжо пішуць, — распавядае Еўрарадыё жанчына. — Учора ён пайшоў на заняткі і прынёс даведку. Спадзяюся, што школе хопіць ведаў заканадаўства не распаўсюджваць публічныя дадзеныя майго дзіцёнка, якія ў іх ёсць, таму што гэта незаконна. Таксама спадзяюся, што школе хопіць кампетэнцыі пасля “энак” не ставіць дрэнныя адзнакі”.

На што намякае настаўніца, калі кажа, што Вольга паводзіць сябе не так, як іншыя бацькі? Спадарыня Вялічка лічыць, што пагрозы могуць быць звязаныя з яе грамадскай пазіцыяй. Жанчына адкрыта выступае супраць вулічнага гвалту, лічыць, што сілавікі, якія збівалі людзей падчас пратэстаў у Беларусі, павінны быць пакараныя, як і тыя, хто аддавалі ім загады.

“Сказаць, што я дрэнная маці, — гэта абсурд. Я не ведаю, як яны збіраюцца даказаць, што мы не выконваем бацькоўскія абавязкі і ставім дзяцей у сацыяльна небяспечнае становішча, — працягвае Вольга. — Я прапанавала настаўніцы прыйсці да нас і паглядзець, як мы жывём. Але да гэтага часу ніхто не прыходзіў”. 

Пасля чарговай “перамогі” Аляксандра Лукашэнкі ў прэзідэнцкіх выбарах некаторыя бацькі страцілі давер да настаўнікаў, якія працавалі на выбарчых участках. 1 верасня не ўсе школьнікі вярнуліся ў класы. У адказ Генпракуратура і МУС пачалі палохаць бацькоў штрафамі і тым, што іх дзяцей могуць прызнаць тымі, хто знаходзіцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы.

Таксама Вольга распавяла Еўрарадыё, што ёй патэлефанавалі з прадпрыемства, у якога арандуе памяшканне сацыяльная майстэрня, дзе людзі з інваліднасцю і валанцёры шыюць “процівачумныя” касцюмы. Майстэрню просяць з’ехаць. 

“Гэта — ціск. Ён быў, ёсць і, напэўна, будзе існаваць пры той уладзе, якая ёсць сёння, — дадае Вольга. — Хачу адзначыць, што ходзяць байкі, быццам бы ў гэтым памяшканні шылі бчб-сцягі. Адказна заяўляю — як кіраўніца дзіцячага хоспіса, — што нічога такога не было. Таму хопіць прыдумляць! Калі вы дарослыя людзі, прыйдзіце і ў вочы мне скажыце, у чым праблема. Майце мужнасць, будзьце мужчынамі, прыйдзіце і скажыце: ці ёсць праблема з маім мацярынствам і ці ёсць праблема з тым, што робіць хоспіс? Гэта дзікунства нейкае — што адбываецца!”

Ці ёсць у сям'і план на выпадак, калі ціск не спыніцца?

“Я не паеду за мяжу, — адказвае Вольга. — Чаму я павінна ехаць са сваёй зямлі за мяжу? У мяне тут дом, у мяне тут пахаваныя дзяды і прадзеды, у мяне хата ў вёсцы. У мяне тут ёсць праца, і я на сваёй пасадзе. Я займаюся тым, чым хачу займацца, і ў мяне няблага атрымліваецца ўжо 13 гадоў. Чаму я павінна кудысьці ехаць? Я хачу, каб мае дзеці вучыліся тут, а не ў Польшчы ці недзе яшчэ. У мяне няма карты паляка, хоць я і магла б яе атрымаць. Я магла б з’ехаць хоць сёння”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі