Яфрэйтар пасля адпачынку ўцёк з Беларусі ваяваць ва Украіну
Яфрэйтар тэрміновай службы пасля адпачынку вырашыў не вяртацца ў беларускае войска і ўцёк з Беларусі ваяваць ва Украіну. 25-гадовы жыхар Салігорска планаваў уступіць ва ўзброеныя фармаванні самаабвешчаных рэспублік. Такія планы ў яго нібыта былі яшчэ да прызыву ў войска. А ў адпачынку ён наглядзеўся нейкіх відэаролікаў з Данбаса, пасля чаго і прыняў рашэнне не вяртацца ў вайсковую частку.
У кастрычніку мінулага года беларус быў затрыманы супрацоўнікамі ўкраінскіх спецслужбаў. У выніку дэзерціра прымусова вярнулі на радзіму. Як інфармуе TUT.by, яго справу разглядаў Мінскі абласны суд. Вайскоўца пазбавілі звання "яфрэйтар", за дэзерцірства, замах на ўдзел ва ўзброеным фарміраванні ў замежнай дзяржаве і махлярства ён атрымаў 5 гадоў зняволення (прысуд яшчэ можа быць абскарджаны). Што да махлярства, дык у салігорца не было грошай на паездку і ён у салоне сувязі набыў у растэрміноўку мабільны тэлефон. Пасля яго прадаў, а за атрыманыя грошы з'ехаў ва Украіну.