Як атрымаць адтэрміноўку ад войска? Гуляй за зборную Беларусі!

“Мяне прызналі непрыдатным да службы з-за плоскаступнёвасці, ― распавядае пра свае адносіны з ваенкаматам алімпійскі чэмпіён па фрыстайле Аляксей Грышын. ― Камісія была здзіўлена: “Як гэта? Вы ж Заслужаны майстар спорту!”. Я адказаў, што плоскаступнёвасць мне не перашкаджае, а, наадварот, дапамагае. Лягчэй станавіцца на лыжы”.

Зразумела, што найлепшыя нашы спартсмены не могуць сумяшчаць прафесію са службай ― яны ваююць  на іншым фронце.

Тым не менш нядаўна з Нацыянальнага аэрапорта з-за “спісу ваеннаабавязаных”  не выпусцілі футбалістаў зборнай Антона Пуцілу і Ягора Філіпенку. Хоць пытанне было вырашана, і праз пэўны час гульцы далучыліся да каманды. Сітуацыя анекдатычная, але  яна паказвае, што ваенкаматы не даюць спуску нават зоркам спорту.

Прачытваем закон “Аб вайсковым абавязку” і Інструкцыю арганізацыі прызыўных работ у ваенкаматах. Наконт спартсменаў там нічога няма!

“Аднак з прэзідэнцкай камісіі нам паступае ўказ, хто ў якіх зборных удзельнічае. І гэтыя асобы падлягаюць адтэрміноўцы на год”, ― тлумачаць для Еўрарадыё механізм у адным з вайсковых камісарыятаў.

То бок атрымліваецца, што калі ты патрэбны для краіны атлет і спартыўныя чыноўнікі  наладзілі з Мінабароны належны кантакт, то і сітуацыя з адтэрміноўкай паспяхова вырашаецца.

Адшукаць вядомага футбаліста, які б адслужыў, аказалася няпроста. Такіх людзей можна пералічыць па пальцах.

Адзін з іх ― колішні паўабаронца зборнай Беларусі і маскоўскага “Спартака” Васіль Баранаў. Ён адматаў два гады артылерыстам, вярнуўся, пагуляў у трэцяй лізе. Потым трапіў у рэчыцкі “Ведрыч”, адтуль ― у калінінградскую “Балтыку”, потым ― у “Спартак-Масква”. Васіль Баранаў стаў адным з самых яркіх беларускіх футбалістаў, і яго служба ў войску ― унікальны выпадак.

“А ў мяне ўнутраныя войскі былі. Адслужыў паўтара года, ― здзіўляе Еўрарадыё абаронца БАТЭ Аляксандр Юрэвіч, распавядаючы пра сваю службу ў канцы 1990-х. Тады ён быў маладым невядомым гульцом. ― На трэніроўкі адпускалі, а потым я вяртаўся назад у часць, дзе служыў па поўнай праграме”.

У іншых маладых футбалістаў пытанне з арміяй вырашалася па-рознаму.

“У мяне гісторыя даволі простая. У войску я не служыў, таму што ў дваццаць гадоў ужо меў дваіх дзяцей, ― кажа яшчэ адзін заслужаны футбаліст, капітан БАТЭ Дзмітрый Ліхтаровіч. ― Таму ад войска мяне вызвалілі”.

Для спартсменаў існуе і іншая практыка ― спартыўныя роты. Там служыў, да прыкладу, чэмпіён свету па тайбоксе Андрэй Кулебін. Баец меў магчымасць нармальна трэніравацца і нават баксіраваць за мяжой. 

“Дык ці можа спартсмен экстракласа адслужыць паўтара года ў войску, вярнуцца і набраць форму?” ― пытаемся ў байца.

“Прафесійны спорт стаў настолькі імклівым, хуткім, настолькі ўсё мяняецца, што, выпаўшы на гады, потым вельмі складана вярнуцца”, ― выказвае меркаванне Андрэй Кулебін.

З ім згодны і знакаміты футбольны агент Мікалай Шпілеўскі, які напрыканцы 1980-х месяцамі “адпачываў” ад футбола ў войску. 

“Служыць у арміі і быць гульцом зборнай ― гэта нонсэнс. Каб быць на ўзроўні, трэба сябе трымаць у тонусе штодня, ―  тлумачыць спецыяліст. ― Калі цябе вырываюць з амплітуды на месяц ці два, то можна вылецець з футбола на год, паверце. Сёння футбол патрабуе штодзённай працы, і вярнуцца ў гульнявы тонус пасля службы вельмі складана”.

Таму Мікалаю Шпіеўскаму нярэдка даводзілася быць на сувязі з Федэрацыяй футбола, якая ў сваю чаргу вырашала пытанні наконт яго кліентаў ― вядомых беларускіх гульцоў. 

“Было так і ў часы, калі Саша Глеб гуляў у Германіі. Пытанне трэба было ўвесь час трымаць на кантролі. Але калі б прынялі рашэнне, што трэба служыць, так бы і было. Мы ўсе ― ваеннаабавязаныя”.

Звычайныя беларусы таксама маюць шэраг падставаў, каб атрымаць адтэрміноўку ад вайсковай службы. Напрыклад, гэта праблемы са здароўем, судзімасць, дэпутацтва, цяжарная жонка і іншае.

Як даведалася Еўрарадыё падчас апошняга асенняга прызыву, які яшчэ працягваецца, у ваенкаматы выклікалі больш за 100 тысяч маладых беларусаў. З іх больш за 34 тысячы атрымалі адтэрміноўкі па службе. 

 ФОТА dumskaya.net, Daylife, football.by, fannet.org, interfax.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі