Як беларускі ЖЖ знайшоў свайго сабаку

Пасля таго, як блогеры дапамаглі мастачцы Ніцы Сандрос адшукаць свайго гадаванца, з’явілася прапанова значок “сабака” або “малпа” ў электроннай пошце называць “Іргус"
Самы вядомы ў беларускім інтэрнэце сабака — эрдэльтэр’ер мастачкі Нікі Сандрос Іргус Ізлав оф Асбрук Лероу. А знакамітым ён стаў таму што згубіўся.

Уначы з пятніцы на суботу шасцімесячны шчанюк уцёк з прыватнага сектара ў раёне вуліцы Арлоўскай у Мінску. Усю ноч Ніка разам з сябрамі шукала яго па наваколлі, а раніцай напісала пост у сваім жывым журнале з абвесткай пра згубу і просьбай да чытачоў размясціць абвестку ля свайго дома.

Ніка: "Разлічвалі знайсці сабаку вельмі хутка, я разлічвала што цягам дня яго нехта падбярэ, бо бачна, што пародзісты шчанюк, з ашыйнікам…".

Але Ніка памылілася.

Ніка: "Першы дзень прайшоў, яго ніхто не знайшоў, і я пачала страшэнна панікаваць. Напэўна заразіла гэтай панікай сваёй усіх, хто чытае ЖЖ. Вялізная ўдзячнасьць, бо я не ведаю, як бы мы справіліся, сабака быў у нас — клянуся — як дзіця ў хаце. І людзі, відаць, адчулі гэтую маю гістэрыку і ўзнялася вялізная хваля, людзі сталі самастойна раздрукоўваць і расклейваць абвесткі, хадзіць па парках, шукаць сабаку. Дзякуючы гэтым абвесткам людзі на вуліцы, калі бачылі сабаку, пачыналі званіць".

Чатыры дні ў Жывым журнале Нікі з’яўляліся эмацыйныя справаздачы: яна рабіла тое, што рабіў бы кожны, у каго прапаў сабака, але апроч гэтага яна змагла распавесці пра свае адчуванні так, што людзі, якія ведалі яе толькі па ЖЖ, пачалі дапамагаць у пошуках. Распавядае Люба, якая актыўна дапамагала ў пошуках:

"Яна напісала, што патрэбна машына. Я ведаю, што не так шмат народу можа так сарвацца, а я менавіта была на машыне — і я прапанавала сваю дапамогу".

Хтосьці расклейваў абвесткі ў сваім раёне, хтосьці прачэсваў двары ды скверы ў раёне, дзе нядаўна бачылі сабаку. А дзякуючы ЖЖ людзі маглі сачыць, што адбываецца. Леры ж пашанцавала знайсці эрдэльтэр’ера Нікі Сандрос:

"Я ад самага пачатку сачыла за пошукамі... А тут ЖЖ адкрыла, а там напісана — мы на Баграціёна, 67... І мяне як цюкнула — трэба пайсці пашукаць... Выходжу, падымаю вочы, а там паўзмрок такі, вышэй па лесвіцы — ляжыць штосьці цёмнае. Спачатку я не зразумела. І першае адчуваньне — такога не можа быць, што я выходжу, а ён сядзіць у пад’ездзе".

Сабака знайшоўся і адсыпаецца пасля колькідзённай вандроўкі, а Ніцы пагражае штраф за абклейванне прыпынкаў абвесткамі. Чыноўнік з адміністрацыі Завадскога раёна не паверыў, што расклейваць абвесткі дапамагалі невядомыя людзі, толькі таму, што Ніка папрасіла пра гэта праз інтэрнэт.

Ніка: "На што ён адказаў: я вам не веру і ніколі не паверу".

Але Ніка ўпэўненая, што калі раптам давядзецца адказваць па справе пра расклейванне абвестак, то чыноўнікі будуць пасаромленыя, бо ўсе хто дапамагаў у пошуках, абавязкова прыйдуць разам з ёй.

Галоўнае, што сабака знайшоўся. На жаль, у гарадской адміністрацыі няма схемы дзеяння для дапамогі тым, хто згубіў хатняга гадаванца. Але інтэрнэт — новыя тэхналогіі — дапамагае і ствараць такія схемы, і актыўна іх выкарыстоўваць, абвяргаючы стэрэатыпы пра сваю “бездухоўнасць”. Бо ён нічога не варты без нашага жадання дапамагчы таму, хто трапіў у бяду.

Ніка: "Я лічу, што, напэўна, у нас у галовах адбыўся невялікі пераварот, і мы зразумелі, што трэба стаяць адзін за аднаго. Таму што, калі гэта не так — навошта ўвогуле ўсё, што нас атачае?".

Калі Ніка шукала сабаку, яна прапанавала, каб знойдзены Іргус быў агульным сабакам усяго ЖЖ, усіх хто дапамагаў — словам ці справай. Бо нават у ЖЖ дзяўчыны з Махачкалы, у якой няма чытачоў з Мінску, з’явілася просьба знайсці сабаку. А з Масквы, Варшавы і нават Вены, чытачы падтрымлівалі Ніку прапановамі развесіць абвестку на выпадак, калі сабака ўсё ж дабяжыць да гэтых гарадоў...

Так што цяпер у Жывога журнала ёсць сабака. Эрдэльтэр’ер Іргус Ізлав оф Асбрук Лероу.



Фота - muha-elka.livejournal.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі