Як пастаўская падстанцыя будзе выдаваць энергію з БелАЭС у Літву

Як пастаўская падстанцыя будзе выдаваць энергію з БелАЭС у Літву

Беларусь на пазычаныя ў Кітаі грошы рукамі кітайцаў пабудавала ў Пастаўскім раёне падстанцыю, каб гандляваць электраэнергіяй з Літвой, якая не хоча ў нас яе набываць. Сітуацыя вельмі дзіўная, таму паспрабуем у ёй разабрацца.

Перадгісторыя

1 жніўня ў Пастаўскім раёне адкрываецца буйная электрападстанцыя, прызначаная для выдачы магутнасцяў з Беларускай АЭС. Атамная станцыя не можа працаваць без інфраструктуры, па якой выпрацаваная на ёй энергія трапляла б у энергасістэму, таму навіна падаецца цалкам натуральнай. Але ёсць два "але".

Па-першае, інфармагенцтва БелТА піша, што "на год увода БелАЭС менавіта гэтая падстанцыя запланаваная базавай для міждзяржаўнага транзіту магутнасці па сетцы 330 кВ паміж энергасістэмамі Беларусі і Літвы". Але Літва лічыць БелАЭС пагрозай нацыянальнай бяспецы і адмаўляецца набываць беларускую электраэнергію! Па-другое, падстанцыя збудаваная на кітайскі крэдыт, а на будпляцоўцы працавалі кітайскія рабочыя. То бок, фактычна, грошы на гэтае будаўніцтва Кітай пазычыў сам сабе.

Як пастаўская падстанцыя будзе выдаваць энергію з БелАЭС у Літву
Будаўнікі на адкрыцці пастаўскай падстанцыі. Фота: БелТА.

Колькі каштуе падстанцыя ў Пастаўскім раёне

Кантракт на будаўніцтва інфраструктуры для выдачы магутнасці з Беларускай АЭС быў заключаны ў чэрвені 2012 года. Кітайская кампанія NCPE перамагла ў конкурсе, зрабіўшы беларускаму ўраду самую танную прапанову. Конкурс праводзіўся выключна сярод кітайскіх кампаній, бо праект выдачы магутнасці з АЭС у межах вялікага крэдытнага пагаднення з Беларуссю ўзяўся фінансаваць кітайскі "Эксімбанк".

У ліпені 2013 года "Экспартна-імпартны банк Кітая" вылучыў РУП "Гроднаэнерга", што выступае заказчыкам, крэдыт у памеры $323,8 млн на рэалізацыю інвестыцыйнага праекта "Будаўніцтва АЭС у Рэспубліцы Беларусь. Выдача магутнасці і сувязь з энергасістэмай". У студзені 2014 года NCPE пачала будаваць першыя лініі электраперадачы.

Як пастаўская падстанцыя будзе выдаваць энергію з БелАЭС у Літву
Схема беларускіх электрасетак. Пастаўская падстанцыя ў правым верхнім куце.

1 жніўня 2017 года Міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык на адкрыцці Пастаўскай падстанцыі распавёў, што "з кітайскімі партнёрамі асвоена на аб'ектах беларускай энергасістэмы больш за $2 млрд". Грошы (з 2013 года сума значна вырасла) укладзеныя ў будаўніцтва 23 пускавых комплексаў, што ўваходзяць у "Схему выдачы магутнасці ў Беларускую энергасістэму ад Беларускай АЭС, што будуецца". На гэты момант уведзеная толькі частка з іх, заканчэнне ўсіх работ плануецца ў 2018 годзе.

Да Ігналіны ад Паставаў бліжэй, чым да Астраўца 

Расійскі фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі, які сочыць за будоўляй Беларускай АЭС, лічыць, што гандляваць з Літвой пры дапамозе новай падстанцыі не атрымаецца. Але ў яе адкрыцці менавіта ў Пастаўскім раёне ёсць сэнс.

Фізік звяртае ўвагу Еўрарадыё на тое, што ад Паставаў бліжэй не да Астраўца, дзе будуецца БелАЭС, а да Ігналіны, дзе ўласную АЭС нядаўна закрыла Літва:

Як пастаўская падстанцыя будзе выдаваць энергію з БелАЭС у Літву

"Тое, што падстанцыя пабудаваная ў раёне Паставаў, кажа, што, хутчэй за ўсё, гэта будзе выхад на лініі электраперадачы (здаецца, на 750 кВ), якія засталіся ад закрытай Ігналінскай АЭС і ідуць у бок Мінска. Так, яны заходзяць і ў бок Літвы.

І, мне здаецца, якраз цяпер беларускія атамшчыкі і раскрылі свае карты: выбар астравецкай пляцоўкі звязаны з тым, каб выйсці на інфраструктуру Ігналінскай станцыі. Наўпрост "кінуць" драты ў Літву немагчыма, бо Літва адмовіла ў такой паслузе. Таму будуецца падстанцыя, каб выйсці на існуючыя лініі электраперадачы".

Палітыка — палітыкай, а лямпачкі ў кватэрах мусяць гарэць

То бок, падстанцыя ў Пастаўскім раёне пабудаваная не для продажу электраэнергіі ў Літву? І так, і не, бо Літва і рада б адмовіцца ад беларускай электраэнергіі, але працягвае набываць яе нават цяпер, калі БелАЭС прызнаная пагрозай нацыянальнай бяспецы краіны. Палітыка — палітыкай, а лямпачкі ў кватэрах мусяць гарэць.

Пра гэта Еўрарадыё распавядае намеснік дырэктара РУП "Гроднаэнерга" па капітальным будаўніцтве Станіслаў Скавародцаў:

Як пастаўская падстанцыя будзе выдаваць энергію з БелАЭС у Літву

"У нас ёсць трансмежнае спалучэнне. І дзякуючы падстанцыі, мы яго захавалі. Гэта не тое, што менавіта Літва будзе набываць. Проста трансмежнае спалучэнне застаецца.

Сёння шэраг ліній, якія былі прамыя з Літвой, спынілі сваё жыццё. Але цяпер мы іх усе звязалі праз Паставы. Падстанцыя звязвае выдачу магутнасці з атамнай станцыі з паўночным вузлом, то бок на Полацак. У той жа час, калі спатрэбіцца транзіт энергіі ў Літву... Такое магчыма. Сёння іх нарвежскі кабель [Літва паступова спалучае свае энергасеткі з краінамі цэнтральнай і паўночнай Еўропы. — Еўрарадыё] не працуе надзейна, і мы бачым, што Літву ўвесь час ліхаманіць. І мы ўвесь час аказваем ім сваю дапамогу.

У іх кабель адключаецца ледзь не кожны тыдзень, і па два-тры дні мы аказваем туды аварыйную броню, яны пастаянна карыстаюцца.

Таму на публіку адно кажацца, але калі няма ўпэўненасці ў тым, што ёсць рэзервы ў той жа Літве, яны будуць спажываць. Да таго ж, якая гэта электраэнергія? Усё ж "падмешваецца" ў сетку. Можна сказаць, што гэта энергія з Лукомля, і Літва спакойна яе возьме. Будзе рэструктурызацыя, будзе аператар — і гэты аператар будзе гандляваць электраэнергіяй".

Як пастаўская падстанцыя будзе выдаваць энергію з БелАЭС у Літву
Лукомская ДРЭС

Прадаць гвалтам не атрымаецца

Ад новай падстанцыі адыходзяць чатыры лініі электраперадачы ў бок Беларускай АЭС, дзве лініі — у бок Літвы, па адной — у бок Полацка і Смаргоні. Праз яе электраэнергія з атамнай станцыі будзе трапляць у энергасістэму Беларусі.

Праз Паставы можна будзе і гандляваць з Літвой, калі суседка Беларусі зменіць сваю негатыўную пазіцыю наконт Беларускай АЭС ці пагодзіцца набываць "лукомскую" электрычнасць.

"Вядома, па гэтых лініях электраперадачы можна пастаўляць электраэнергію ў Літву, але Літва гэтага не хоча. А гвалтам нешта ёй прадаць не атрымаецца, — падсумоўвае Андрэй Ажароўскі. — Хутчэй за ўсё, новая ЛЭП будзе выкарыстаная, каб перакідваць электраэнергію ў мінскі індустрыяльны раён. Гэта разумна: Беларусь будзе сама атрымліваць сваю электраэнергію. Толькі вось што з ёй рабіць далей, пакуль незразумела".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі