Як выцягнуць сома ў 60 кілаграмаў? (відэа)
Бывалы рыбак, які ловіць пяць такіх вялікіх самоў за сезон, дае парады.
Спачатку вялікага шчупака, які важыў 21 кг, злавіў Уладзімір Пуцін. Пасля Аляксандр Лукашэнка заявіў, што выцягнуў на Прыпяці сома амаль у 57 кг. Еўрарадыё цікавіцца ў прафесійнага рыбака, які спецыялізуецца на лоўлі самоў, ці складана выцягнуць такую рыбу.
"Я лаўлю апошнім часам на Беразіне. Мой рост 1 метр 76 сантыметраў. Вось яны былі больш за мяне. А шаляў у мяне няма, каб узважыць. Таму вагу не магу назваць. 50 кілаграм няма праблем злавіць, у 60 я паверу. У маёй практыцы былі выпадкі, што сома нават не змаглі падняць".
Як распавядае спадар Яўген, сом лепш ловіцца ўлетку, калі вада цяплейшая за 20 градусаў. Калі халаднейшая вада, сом пачынае весці маларухомы лад жыцця.
"Сом цеплалюбівая рыба. У маёй практыцы ў лістападзе самоў зусім не было. Самы аптымальны час — ліпень і жнівень".
Такіх вялікіх самоў за сезон бывае каля 5 штук, сёлета Яўген злавіў толькі аднаго гіганта.
Яшчэ ў 2011 годзе ў вёсцы Белаўша Столінскага раёна рыбак Сяргей Сень злавіў сома ў 51,5 кг на спінінг. Як сам прызнаўся, калі б не дапамаглі, то сам бы не выцягнуў.
"Сом — рыба моцная, — распавядае рыбак Яўген. — Таму працэс вывуджвання займае пэўны час, часам паўгадзіны. Рэгулюецца на шпулі фрыкцыён, каб пагасіць рыўкі. Шпуля прабуксоўвае, страўлівае метраў 10-20, а потым зноў падбіраеш яго бліжэй".
Каб выцягнуць такога сома, патрэбна добрыя снасці. Моцны спінінг, пляцёнка, якая вытрымае нагрузку ў 40 кг, а таксама ўсе карабінчыкі і кручкі.
"Калі пляцёнка будзе на разрыў 40 кг, а кольца на воблеры 10 кг, то які сэнс такую ставіць? Усё павінна трымаць 40 кг. Ну і кручкі — каб не разагнуліся. Трэба выбіраць фірмовыя".
Дастаць з вады такога сома можна і аднаму. Спачатку рыба моцна супраціўляецца, але потым слабее.
"Галоўная задача рыбака ў гэты момант — не даць яму сысці ў завал, дзе ёсць патанулыя дрэвы, карчы і карчагі. На лодачцы падплываеш да супрацьлеглага спадзістага берага і трымаеш на такой дыстанцыі, каб ён не мог сысці".
З вады сома дастаюць рознымі спосабамі, але прафесійны рыбак Яўген звычайна бярэ голымі рукамі за ніжнюю сківіцу. Аднак бываюць у Беларусі самы, якіх не выцягнеш нават утраіх. Яўген узгадвае апошні выпадак на Прыпяці, дзе выцягнуў свайго сома і Аляксандр Лукашэнка.
"Мы рыбачылі на Прыпяці. Прыяцель побач сядзеў. Аб 11-й гадзіне рыба ўзялася. Цягалі да абеда. Потым узялі пляцёначку, прывязалі пустую бутэльку, а самі паехалі на бераг абедаць. Вярнуліся, знайшлі бутэльку, зноў завялі пляцёнку ў кольцы і шпулю і да вечара спрабавалі выцягнуць — не атрымалася".
А пасля па рэчцы прайшла баржа і бутэлькі разам з лёскай і сомам не стала.
Фота: "Бизнес-Столин"