Які ён, ураджай даўншыфтараў і гарадскіх актывістаў (фота)
Даўншыфтынг, пермакультура, гарадское агародніцтва, прыроднае земляробства, арганічнае пчалярства ― словы, якія паступова пачынаюць укараняцца ў свядомасці беларусаў. Еўрарадыё пазнаёмілася з людзьмі, якія не толькі нешта пра гэта чулі, а гэтым жывуць ― працуюць на зямлі, якая заўсёды лічылася галоўным багаццем у нашых продкаў. Цяпер нашы героі збіраюць уражай і рыхтуюцца да зімы.
Дзмітрый, 38 гадоў. Барысаўчанін у пятым пакаленні. Ініцыятар “Гарадскога агарода” і эканамічны аналітык. Вырошчвае буракі, кейл, рукалу, суніцы. Робіць сідр.
Даведка: гарадскі агарод ― месца ў горадзе (на вуліцы, даху, тэрасе), дзе жыхары могуць гуртавацца і вырошваць кветкі, агародніну і зеляніну для абедзеннага стала. Трэнд, які даўно ўкараніўся ў ЗША і Еўропе.“Перад нашым “Гарадскім агародам” стаіць шмат мэтаў. Адна з іх ― працяг гарадской традыцыі: тут побач знаходзіцца рынак, які працуе з XVI стагоддзя. Другая мэта ― адукацыйная, для дзяцей, каб яны бачылі, адкуль бяруцца прадукты.
З трэцяга боку ― пытанне экалогіі. Людзі забыліся, што такое нармальныя прадукты, яны ходзяць у крамы, набываюць каўбасу, маянез, печыва з пальмавым алеем. Гэта выклікае праблемы са здароўем. Мы сталі садзіць свой агарод, і суседзі пачалі цікавіцца: "Што гэта? Рукала? Што з ёй рабіць?". А гэта, напрыклад, кейл. Я сам не ведаю, што з ім рабіць, мы яго пакуль не елі. Але нам цікава, каб дыета людзей рабілася больш разнастайнай. З агародам нам дапамагае адмысловец з Акадэміі навук.
Зразумейце, тут сабраліся людзі без агракультурнага бэкграўнду. Я сам ніколі нічога не вырошчваў. Бачыў, як гэта робіцца летам на вёсках у бабуль… Але сам па сабе адзін агарод не вырашыць ніякіх праблем для раёна. Гэта дэманстрацыйны прыклад, каб людзі зламалі бар'ер стаўлення да новых падыходаў і таксама пачалі гэтым займацца. Сёлета грушы і яблыкі гніюць кілатоннамі. У людзей дзеці, малыя прыбыткі, а грушы гніюць! Гэта, натуральнае, яны выкідваюць і ідуць у краму набываць сок з цукрам ці кока-колу.
Ну, і яшчэ адзін важны аспект праекта ― сацыяльны. Людзей, якія тут жывуць, уцягваем у камунікацыю паміж сабой”.
Алена, 30 гадоў. Гаспадыня Shanti-дома (50 км ад Мінска, Валожынскі раён), выкладчыца ёгі і экалагічны земляроб. На яе агародах, эксперыментальным і звычайным, ― кабачкі, гарбузы, пацісоны, памідоры, фасоля, буракі, мята…
"Штуршком пераехаць жыць на прыроду стала Індыя, куды з'язджала на зіму і была восем разоў. Там я жыла ў ашраме, вяла спакойны лад жыцця, ела вегетарыянскія стравы. У Мінску працавала ў школе ёгі, арганізоўвала рэтрыты на хутары, а потым вырашыла, што нам патрэбнае сваё месца. Паколькі ёга прадугледжвае чыстае вегетарыянскае харчаванне, мы заняліся экалагічным земляробствам.
У дзяцінстве я бачыла, як працуюць на агародзе мае бабулі, таму земляробства для мяне не новае. Ёсць таксама досвед працы на арганічных фермах у Індыі і Беларусі, дзе я была валанцёрам. Тое, што тут вырошчваем, абслугоўвае нашу сям'ю, валанцёраў і настаўнікаў ёгі, якія прыязджаюць на трэнінгі.
Насамрэч, мы пакуль не вельмі моцныя ў гэтай справе. З насеннем і парадамі дапамагае маці майго мужа. На агародах працуем мы самі і валанцёры: практыкуем карма-ёгу ― гэта бясплатная праца для ўсіх, хто да нас прыязджае... Раней мы трымалі казу, але потым па пэўных прычынах давялося ад яе адмовіцца. Я доўга шукала гаспадара і літаральна выбіла абяцанне, што нашу казу не з’ядуць, а будуць выкарыстоўваць выключна па прызначэнні. А цяпер у нас ёсць кабыла Айва. Яна маладая. Мы не выкарыстоўваем яе ў гаспадарцы, але ў нас ёсць сядло. Будзем ездзіць у школу ці сельсавет...
Мне тут вельмі камфортна. Не скажу, што я моцна пакутавала ад жыцця ў горадзе. У нейкім сэнсе я і цяпер працягваю там жыць, бо езджу на працу ў школу ёгі. Але калі мы зможам праводзіць рэтрыты і трэнінгі круглы год тут, на свежым паветры, я перастану ездзіць у Мінск. Цяпер шмат хто пакідае горад. Але людзям не цікава вярнуцца ў дачны пасёлак, у шэсць сотак. Тут зямля, прастора і няма суседзяў".
Каця, 23 гады, кандытар. Пчаляр у чацвёртым пакаленні. Разам з бацькам і дзядулям ставяцца да пчол з любоўю.
“У Смілавічах ёсць сельскагаспадарчы каледж, і я думала паступаць туды на пчаляра. З’ездзіла, паглядзела, як гэта выглядае. Праграма вельмі старая, кнігі савецкія. Таму вырашыла набірацца досведу ў бацькі і дзядулі, якія больш пакажуць і распавядуць. Разам з бацькам мы глядзім відэа пра еўрапейскія сучасныя тэхналогіі, звязаныя з пчалярствам.
Іншае пытанне, што ў Еўропе і іншых краінах пчалярства становіцца на паток. Там не сочаць за жыццём пчалы, гэта не ставіцца ў ранг нечага істотнага. Пчала для іх ― механізм для заробку грошай. А насамрэч, пчала ― гэта дзівоснае насякомае, яно з усіх, напэўна, самае працалюбівае. Яно падобнае да чалавека. Я ― веган, і для мяне вельмі важнае беражлівае стаўленне да ўсяго жывога. Пчолы мне вельмі цікавыя.
Мой бацька робіць тое, што рабіў мой дзядуля. Ёсць каноны, якія пераходзць з пакалення ў пакаленне. Але не значыць, што так мусіць быць. У паўночных рэгіёнах Расіі падыход да пачалярства і пчол іншы. Я б хацела туды з’ездзіць і на гэта паглядзець. Там вельмі моцныя пчаліныя сем’і, і колькасць карысных рэчываў у іх мёдзе вельмі вялікая. Гэты мёд не ядуць лыжкамі, як у нас, а выкарыстоўваюць як лекі. Ёсць фірмы, якія з мёду робяць медпрэпараты: раствор мёду з вадой закапваюць у вочы. Калі тое самае зрабіць з мёдам майго бацькі, эфекту не будзе. У нас сітуацыя такая, што многія сем’і пасля працяглай зімы паміраюць. З мінулай зімы пчолы кепска выходзілі. Зіма, дажджы, пчолам складана ў такіх умовах. Як толькі становіцца цяплей, яны вылятаюць, зноў холадна ― вяртаюцца ў вулей. Мёду там мала, есці няма чаго. Іх пачынаюць падкормліваць цукровым сіропам, што ўплывае на якасць мёду. Патрэбныя іншыя сучасныя падыходы".
Оля, 29 гадоў, культуролаг. Сядзіць у дэкрэтным адпачынку і поле на ўласным балконе памідоры, авакада, брокалі, лаванду.
“У кватэры раслі хатнія кветкі, якія ела сабака. Я іх перанесла на балкон, але на балконе ўсё ж неяк не казырна выроршчваць архідэі. Таму пасадзіла цыбулю. Потым да цыбулі дадалася пятрушка. Потым пачалі саджаць памідоры. На першы памідор, які вырас, мы баяліся дыхаць. У выніку з мужам падзялілі яго папалам. Муж сказаў, што смачнейшага памідора не еў у жыцці. Дзіця таксама любіць памідоры: падыйшоў, сарваў, у рот, і пайшоў. А яшчэ Майла, сабака, зрывае і есць. Пазней мы падумалі: “О, а можна нават авакада вырошчваць!”, цяпер муж вырошчвае брокалі.
Калі нечага шмат, напрыклад, лаванда вырасла вялікая ― дару яе на лецішча. Але не баюся, калі не будзе ўражаю. Ну і ладна. Пасаджу наноў... Калі ў мяне кепскі настрой, іду наводзіць парадак на балконным агародзіку. У гэты момант рукі нешта робяць, а галава вызваляецца. Гэта як любое хобі. У дзіцяці таксама ёсць лейка, ён палівае памідоры, часам нешта спрабуе саджаць. Я паказваю яму, што можна ўсё рабіць самому, не абавязкова некуды бегчы і набываць.
У дзяцінстве кожнае лета мы з бабуляй працавалі ў агародзе. Я ненавідзела гэта. Потым, бліжэй да 25-ці гадоў, пацягнула да зямлі. З мамай ля яе пад’езда спрабавалі садзіць папаратнікі, бэз, але не агарадзілі. У выніку ўсе нашы намаганні зраўнавалі з зямлёй. У мяне ля дома нічога не пасадзіш, бо тут паўсюль суцэльная паркоўка. Але ў нашым доме добры дах. І ў ідэале я б хацела там зрабіць вялікую клумбу з вялікай колькасцю памідораў і базіліку. І каб там стаялі канапы, каб людзі маглі прыходзіць. Калі б ЖЭС даў дабро на выкарыстанне даху ў такім ключы, думаю, гэта была б самая знакамітая арт-прастора ў горадзе. Бо тут можна таксама рабіць кінапаказы і глядзець салюты ва ўсім горадзе...
Але хутка мы пераязджаем жыць да маёй мамы. Там не будзе балкона. Буду адваёўваць у Зелянбуда клумбы ля пад’езда”.
Юля, 30 гадоў. Біёлаг-генетык. Трымае пчальнік, збірае травы для гарбаты і робіць арганічную касметыку. Сёлета выкачала паўтары тоны мёду.
“Я нарадзілася ў вёсцы, травы збіраю з дзяцінства, разбіраюся ў іх вельмі добра. У дзеда быў пчальнік. Гэта ўсё гарманічна перапляталася. Ва ўніверсітэце я пісала дыплом па генетыцы пчол. Потым ездзіла па Расіі і прадавала мёд. Пазней вярнулася ў Беларусь і пачала працаваць на пчальніку з бацькам. Мы планавалі вялікі бізнес, але ён памёр паўгода таму. Я зразумела, што сама не змагу гэтым займацца, таму прыйшла да касметыкі.
Як я раблю склады для масак? Улічваю энергетычныя якасці матэрыялаў. То бок, травы маюць не толькі нейкія фізіялагічныя параметры, але і энергетычныя. Напрыклад, я вельмі люблю і часта выкарыстоўваю палын. Здаўна ён лічыўся сродкам, які ачышчае не толькі цялесны свет, але і духоўны. Вялікая праблема вытворцаў сучаснай касметыкі ў адсутнасці духоўнага складніку. Калі травы дадаюцца ў касметыку, іх пах ўплывае на псіхаэмацыйную сферу. Мае пакупніцы кажуць, што пасля выкарыстання палыннай маскі адчуваецца спакой. Да ўсяго трэба ставіцца з душой. Пры працы над маскамі я спалучаю ўласцівасці таго ці іншага кампаненту і думаю, якому чалавеку гэта будзе падыходзіць. Цяпер шмат навязлівасці і рэкламы, а насамрэч, пры выбары трэба прыслухоўвацца да сябе…
Пчальнік і касметыка ― добры бізнес. І я планую гэта ўсё ўдасканальваць. Але мне не падабаецца прадаваць, бо захапляе менавіта працэс стварэння касметыкі. Я б хацела знаёміцца з тэхналогіямі і калегамі, якія робяць падобныя рэчы, паглядзець іх падыход. Аднак, на жаль, цяпер не маю нават паўгадзінкі, каб гэта зрабіць ― вельмі шмат працы. Добра, што ёсць памочнік, які дапамагае па гаспадарцы, але патрэбныя яшчэ людзі, якія б гэтым так жа захапіліся”.