Яшчэ адзін штат забараніў Трампу балатавацца ў прэзідэнты ЗША

Дональд Трамп 

Дональд Трамп  / Reuters

Акруговы суд Ілінойса пазбавіў былога прэзідэнта ЗША Дональда Трампа магчымасці ўдзельнічаць у рэспубліканскіх праймерыз, якія павінны прайсці ў гэтым штаце 19 сакавіка. Трампа выключылі з выбарчага бюлетэня. Падставай для такога рашэння стала 14-я папраўка да Канстытуцыі. Яна забараняе займаць дзяржаўныя пасады ўдзельнікам мецяжу. Аб гэтым піша ВВС. Гаворка ідзе пра магчымае дачыненне Трампа да штурму Капітолія пасля яго правалу на выбарах у 2020 годзе.

Былы прэзідэнт ужо судзіцца на гэты конт у Вярхоўным судзе са штатам Каларада. Мясцовыя ўлады таксама забаранілі ўключаць ягонае імя ў бюлетэні. Падобнае рашэнне прынялі і ў штаце Мэн. Першыя слуханні ў Вярхоўным судзе адбыліся ў пачатку лютага. І ў экспертаў тады склалася адчуванне, што суд схіляецца на бок экс-прэзідэнта. Калі будзе прынятае канчатковае рашэнне пакуль невядома, але гэтае рашэнне Вярхоўнага суда будзе абавязковым для выканання ўсімі штатамі.

Дадамо, што Трамп выйграў ужо пяць праймерыз рэспубліканскай партыі. Апошнія прайшлі на гэтым тыдні ў Мічыгане. Яго адзіная канкурэнтка былая прадстаўніца ЗША ў ААН Ніккі Хэйлі набрала ўсяго 27% галасоў, Трамп 68%. Хэйлі кажа, што мае намер працягваць барацьбу. Яна пераканана, што Трамп не зможа перамагчы Байдэна на прэзідэнцкіх выбарах. Да чэрвеня 2024 года праймерыз павінны прайсці ва ўсіх 50 штатах ЗША, акрузе Калумбія, і пяці тэрыторыях ЗША.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі