Юнацкая зборная Беларусі па хакеі заняла другое месца на турніры ў Омску

Юнацкая (да 18 гадоў) зборная Беларусі па хакеі заняла другое месца на турніры ў Омску. Як інфармуе БЕЛТА, 16 жніўня ў заключным матчы беларуская каманда, узначаленая Ўладзімірам Сафонавым, саступіла юнакам яраслаўскага "Лакаматыва" — 1:4 (0:0, 0:3, 1:1). Яраслаўцы, якія атрымалі пяць перамог, і сталі пераможцамі турніру.

Адзіную шайбу з нашага боку закінуў Станіслаў Лапачук. Браму абараняў Іван Шаляпнёў. З-за траўмы на лёд не выйшаў Антон Сурконт, таму наша каманда змушаная была абыходзіцца сямю абаронцамі.

Прадстаўнік зборнай Беларусі Раман Грабарэнка быў прызнаны найлепшым абаронцам турніру. Лепшым снайперам беларускай каманды стаў цэнтрфорвард першага звяна Артур Абметка, які закінуў 5 шайбаў.

У будучым сезоне Беларусь стане гаспадыняй юнацкага (да 18 гадоў) хакейнага чэмпіянату свету-2010 у элітным дывізіёне. Турнір адбудзецца ў Мінску 13-23 красавіка. Сапернікамі нашай каманды па групе А на папярэднім этапе будуць каманды ЗША, Канады, Швецыі і Швейцарыі. Другі квінтэт складуць зборныя Расіі, Фінляндыі, Чэхіі, Славакіі і Латвіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі