Юрыст: Гайдукова незаконна да суда трымалі за кратамі
Яму “не маглі” даць мінімальныя 6 месяцаў арышту, таму што ён ужо адсядзеў за кратамі 8.
Што Андрэй Гайдукоў “здраджваў дзяржаве”, не пацвердзілася. Тым не менш наваполацкі актывіст атрымаў 1,5 года калоніі. Як высвятляецца — “за спробу ўстанаўлення кантактаў з супрацоўнікам замежнай спецслужбы без прыкметаў здрады дзяржаве”. Адвакат асуджанага Вадзім Мушынскі з прысудам не згодны.
Вадзім Мушынскі: “У частцы прызначэння пакарання прысуд будзе абскарджаны. Больш я нічога патлумачыць не магу: я знаходжуся пад падпіскай аб неразгалошванні матэрыялаў справы. Ні матэрыялаў справы, ні ходу судовага пасяджэння”.
Нагадаю, затрымалі Андрэя Гайдукова 8 лістапада мінулага года. Першапачаткова яго вінавацілі паводле двух артыкулаў: “Замах на злачынства” і “Здрада дзяржаве”. Што пагражала зняволеннем на тэрмін ад 7 да 15 гадоў. Потым абвінавачванне перакваліфікавалі. Па новым артыкуле, нумар якога не абвяшчалі, пракурор запрасіў для Гайдукова 2 гады зняволення.
Дарэчы, артыкул, па якім асудзілі Гайдукова, быў уведзены ў Крымінальны кодэкс за год да затрымання наваполацкага актывіста — 8 лістапада 2011 года. І выглядае на тое, што на Гайдукове яго “абкаталі”. Не вельмі ўдала, упэўненая юрыст Тамара Сідарэнка.
Тамара Сідарэнка: “Гэта злачынства з’яўляецца найменш цяжкім з усіх, якія можна здзейсніць. Бо пакаранне за яго — ад 6 месяцаў да 2 гадоў пазбаўлення волі. Пад варту бяруць за злачынствы, дзе пакаранне ад 2 гадоў і больш. Зыходзячы з таго, па якім артыкуле яго пакаралі, вынікае, што незаконна яму была абрана мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту”.
А ў выніку гэта прывяло да таго, што суд… не мог даць Гайдукову мінімальнае пакаранне!
Тамара Сідарэнка: “Гайдукову папрасіў пракурор максімальную меру пакарання. Чаму? Гэта злачынства не скончанае, шкоды не нанесла, чалавек ніколі не прыцягваўся да адказнасці… А мінімальнае пакаранне 6 месяцаў, нібыта, і даць нельга — ён ужо 8 месяцаў пад вартай знаходзіцца. Вынікае, што беспадстаўнасць яго затрымання і працягласць знаходжання пад вартай прывялі да таго, што немагчыма было суду нават абмяркоўваць, ці даваць яму пакаранне мінімальнае па гэтым артыкуле ў выглядзе арышту на тэрмін 6 месяцаў”.
Да ўсяго, цалкам артыкул, па якім асудзілі Гайдукова, гучыць так: “Супрацоўніцтва на канфідэнцыйнай аснове са спецыяльнай службай, органам бяспекі альбо выведкай замежнай дзяржавы”. І ў самім артыкуле шмат незразумелага, лічыць Сідарэнка. У тым ліку — што маецца на ўвазе пад тэрмінамі “канфідэнцыйная аснова” і “спецыяльная служба”.
Тамара Сідарэнка: “У абвінавачванні неабходна канкрэтна ўказаць — якая гэта служба спецыяльная і якой дзяржавы. Бо інакш абвінавачванне будзе неканкрэтным. І тут яшчэ па самім абвінавачванні: калі б мелі тэкст гэтага абвінавачвання, можна было б здорава працаваць”.
Лідар грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” Уладзімір Някляеў упэўнены: уся справа Гайдукова і такі прысуд — сігнал Еўропе.
Уладзімір Някляеў: “І прысуд Гайдукову, і тое, што зараз ізноў Парфянкову дадаць 1,5 гады — гэта дэманстрацыя на не надта гучных імёнах, не надта гучных справах таго, што, маўляў, мы тут будзем самі вырашаць, як і над кім вяршыць суд. І ніякія ціскі з Захаду, ніякія пернікі і пугі на нас не будуць уздзейнічаць”.
Згодна са словамі палітыка, апошнім часам спецслужбы ды праваахоўныя органы дзейнічаюць менавіта такім чынам — спачатку арыштоўваюць чалавека, а потым пачынаюць шукаць, у чым яго абвінаваціць. Не знаходзяць і прыдумляюць такі артыкул, з якога не зразумела, ці было здзейсненая злачынства і ў чым яно заключаецца.
Маці Андрэя Гайдукова Вольга да апошняга спадзявалася, што з залы суда яны ўсёй сям’ёй паедуць дахаты. Замест гэтага яны паехалі ў СІЗА. Асуджаны — каб вярнуцца за краты, яго маці і бацька — каб дамагацца спаткання з сынам. Якога лічаць ні ў чым не вінаватым.