Юрый Шаўцоў: Кульмінацыя “маўклівага пратэсту” ужо прайшла

Напярэдадні чарговай акцыі "маўклівага пратэсту" Еўрарадыё па традыцыі даведалася прагноз на яе ў палітолага Юрыя Шаўцова.

Еўрарадыё: Чаго вы чакаеце ад сённяшняй акцыі маўклівага пратэсту, якая павінна ў Мінску прайсці па новым сцэнары?

Юрый Шаўцоў: “Мне падаецца, што сёння нічога не будзе, бо 29-га вечарам была свайго кшталту кульмінацыя. Людзей выйшла значна менш, чым чакалася, практычна акцыя была правальная. Таму і 3-га чысла практычна нічога не атрымалася ў “сеткавай апазіцыі”. Таму мне складана ўявіць, каб сёння было нешта значнае.

Але сапраўды новы фармат. Яшчэ такога ніколі “сеткавая апазіцыя” не рабіла. Звычайна ўсё ж людзей збіралі ў адным месцы — зразумела, чаму. І вось цяпер… Сумняюся, што “сеткавыя хамячкі” здольныя на тое, каб паасобку, без журналістаў сварыцца з кіраўніцтвам ЖРЭА”.

Еўрарадыё: Ідэю, прапанаваную “рэвалюцыянерам” Мінска — збірацца каля пад’езда, а пасля ісці да ЖРЭА — вы ацэньваеце крытычна?

Юрый Шаўцоў: “Трэба паглядзець, што будзе ў выніку. Але на першы погляд, так”.

Еўрарадыё: Давайце згадаем рэгіянальныя акцыі “маўклівага пратэсту”. У Гродне і ў Брэсце і 29 чэрвеня, і 3 ліпеня выйшла шмат людзей мінулы раз. Ад 600 да 1000 чалавек выходзіла, а можа і больш. Чаго можна чакаць ад рэгіёнаў сёння? Бо для іх жа фармат акцыяў не быў зменены?

Юрый Шаўцоў: “Нідзе ў краіне няма значнай палітычнай напружанасці. Тыя людзі, што выходзілі на гэтыя акцыі, шмат часу праводзяць у інтэрнэце і жывуць у гэтай спецыфічнай субкультуры, дзе дэманстрацыя свайго пратэсту ў літаральным значэнні гэтага слова з’яўляецца дэманстрацыяй — запосціць які-небудзь камент, “лайк” націснуць у сацыяльнай сетцы. Гэтыя людзі не здольныя да чагосьці рашучага самі па сабе, тым больш у правінцыі”.

Еўрарадыё: Атрымліваецца, што тое, на што былі здольныя акцыі маўклівага пратэсту ў Беларусі, яны ўжо паказалі? Чакаць яшчэ чагосьці ад іх, на вашую думку, не варта?

Юрый Шаўцоў: “Так. Мне падаецца, кульмінацыйная фаза прайшла, калі 29-га і 3-га пайшлі гэтыя акцыі ўніз. І, хутчэй за ўсе краіна, увойдзе ў “мёртвы палітычны сезон” да пачатку верасня. Але я магу памыляцца”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі