Юрый Зісер: “Справа Белта” паказала, што і без ідэнтыфікацыі каго трэба знойдуць

Юрый Зісер: “Справа Белта” паказала, што і без ідэнтыфікацыі каго трэба знойдуць

Міністэрства інфармацыі распрацавала праект пастановы Саўміна "Аб зацверджанні Палажэння аб парадку папярэдняй ідэнтыфікацыі карыстальнікаў інтэрнет-рэсурса". Ён вынесены на грамадскае абмеркаванне.

З законапраекта вынікае, што ў працэсе папярэдняй ідэнтыфікацыі мусіць быць устаноўлены абаненцкі нумар карыстальніка. Уладальнік інтэрнет-рэсурса будзе мець права "збіраць, апрацоўваць, захоўваць і прадастаўляць" персанальныя дадзеныя (у тым ліку імя і прозвішча, дату і месца нараджэння), адрас электроннай пошты, звесткі пра дату і час размяшчэння матэрыялаў (каментароў).

Па словах заснавальніка tut.by Юрыя Зісера, неабходнасць паведамляць усе свае персанальныя дадзеныя прывядзе да таго, што каментатары сыдуць з беларускіх форумаў у сацсеткі. Дзе іх “ніхто не дастане”.

“У сацсетках, тым жа Фэйсбуку, трэба паведамляць сапраўднае імя, адбываецца ідэнтыфікацыя на нумары тэлефона. На Google – таксама ідэнтыфікацыя па нумары тэлефона, і нікога гэта хвалюе. Іншая справа, што гэта Google і Facebook, якія не выдаюць асабістыя дадзеныя. А ў беларускіх рэсурсаў, якія маюць форумы, зусім іншая сітуацыя – калі за любую крытыку могуць людзей шукаць”, – кажа Юрый Зісер.

Па яго словах, у большасці еўрапейскіх краін такой ідэнтыфікацыі, як прапаноўвае беларускі Мінінфарм, няма. Але калі чалавек парушыць заканадаўства, то знаходзяць яго без праблем. “Тое ж і ў нас адбываецца – “Справа Белта” гэта добра прадэманстравала”, – даводзіць Зісер.

Заснавальнік tut.by лічыць, што ўсе гэтыя меры прыдуманыя выключна для таго, каб запалохаць людзей і каб яны на форумах перасталі пісаць крытычныя каментарыі, якія не падабаюцца чыноўнікам. Не думаючы пра тое, што менш такіх каментароў не стане – яны проста будуць з’яўляцца на “замежных пляцоўках”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі