З-за абвастрэння "малочнай вайны" Лукашэнка адмяніў візіт у Маскву?

Аператыўную нараду правёў у суботу ў Мінску Аляксандр Лукашэнка. Яна была прысвечана сітуацыі з пастаўкамі малака і малочнай прадукцыі ў Расію.  Як паведамляе БЕЛТА, кіраўнік дзяржавы быў праінфармаваны пра "аб'ектыўную карціну таго, што адбываецца". У прыватнасці адзначаецца, што "не гледзячы на ўсе высілкі, зробленыя беларускім бокам па выхадзе з крызіснай сітуацыі, расійскі бок дэманструе негатоўнасць да вырашэння праблемы". У сувязі з гэтым да раніцы нядзелі адкладзены вылет у Маскву Лукашэнкі для ўдзелу ў сэсіі Савета калектыўнай бяспекі Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы.

Кіраўнік Беларусі даў даручэнне праінфармаваць кіраўнікоў іншых дзяржаваў-удзельніц АДКБ пра беларуска-расійскі "малочны канфлікт", а асабліва прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева. Апошняга мусяць праінфармаваць "пра магчымы няўдзел Прэзідэнта Беларусі ў сэсіі АДКБ".

Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ўладзімір Макей прасіў "з разуменнем успрыняць беларускую пазіцыю, паколькі эканамічная бяспека з'яўляецца асновай бяспекі ўвогуле, і ў дадзенай сітуацыі гаварыць пра вайсковую бяспеку проста немагчыма".

Тым часам, БЕЛТА пачало друкаваць "зводкі" з "малочнай вайны", у якіх інфармуецца пра дзве тэлефонных размовы прэм'ераў Сідорскага і Пуціна, пра папярэджанне міністра замежных спраў Сяргея Мартынава, што "Беларусь можа адмовіцца ад удзелу ў сесіі АДКБ", пра тэлефонную размову дзяржсакратара Савета бяспекі нашай краіны Юрыя Жадобіна са сваім расійскім калегам Мікалаем Патрушавым.

Гэта можа сведчыць толькі пра тое, што сітуацыя надзвычай сур'ёзная і беларускае кіраўніцтва спрабуе знайсці рычагі ціску на Маскву, каб прымусіць яе зняць "санкцыі" з беларускай малочнай прадукцыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі