За абразу суддзі актывіста з Гомеля могуць асудзіць на 3 гады "хіміі"
Прысуд па справе Юрыя Рубцова агучаць сёння а 15-й гадзіне ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска.
Яго абвінавачваюць у злачынстве, прадугледжаным артыкулам 391 Крымінальнага кодэкса "Абраза суддзі або народнага засядацеля". Радыё Свабода нагадвае, што ў аснове абвінавачвання — заява суддзі Савецкага раёна сталіцы Кірыла Палулеха, які сцвярджае, што падчас разгляду адміністратыўнай справы Юрыя Рубцова 28 красавіка сёлета той, нібыта, яго абразіў зневажальнымі словамі.
За абразу суддзі прадугледжваюцца штраф, папраўчыя працы на тэрмін да двух гадоў, арышт на тэрмін ад трох да шасці месяцаў ці абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў. У спрэчках пракурор запатрабаваў для Юрыя Рубцова пакаранне ў выглядзе трох гадоў абмежавання волі — так званай "хіміі", з якіх будзе вылічаны адзін год паводле амністыі.
Сам Рубцоў у апошнім слове заявіў, што вінаватым сябе не прызнае.
Фота — svaboda.org