За дапамогу ад INeedHelpBY асуджаныя не менш як 100 чалавек
Дапамога сем'ям палітвязняў INeedHelpBY
За дапамогу ад ініцыятывы INeedHelpBY прайшло ўжо не менш як 100 судоў, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".
Рэйд КДБ па экс-палітвязнях і сваяках палітвязняў адбыўся напрыканцы студзеня. Падчас яго за атрыманне прадуктовай дапамогі пераслед зазналі не менш як 287 чалавек.
Прынамсі 127 чалавек былі асуджаныя па адміністрацыйных справах, а 100 з іх — паводле арт. 24.15 КаАП (выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі). Суды прызначаюць гэтым людзям вялікія штрафы і патрабуюць кампенсацыю сумы аплаты прадуктаў у "Е-дастаўцы". Звесткі пра атрымальнікаў дапамогі сілавікі ўзялі пераважна з гэтай службы дастаўкі.
Праваабаронцы заклікаюць беларусаў, якія сутыкнуліся з такімі прысудамі, абскарджваць рашэнні судоў. Па-першае, застаецца шанц на адмену рашэння. Па-другое, працэс абскарджвання дазваляе адтэрмінаваць выплату штрафу мінімум на два месяцы.
Як паведамлялася раней, частку пацярпелых па гэтай справе эвакуявалі з дапамогай фонду BySol.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.