За двое сутак арганізатарам “Басовішча” даслалі 190 заявак на візы
Аргкамітэту фестываля "Басовішча" даслалі больш за 190 заявак на атрыманне візаў. 24 чэрвеня — апошні дзень, калі іх прымаюць. Па дамове з амбасадай Польшчы ў Беларусі прэтэндаваць на бясплатную візу могуць маладыя людзі да 25 гадоў, старэйшым давядзецца заплаціць палову кошту — 30 еўра. Праўда, атрымаць візы зможа толькі 200 асобаў.
"Мы не звяртаем увагу на асобу. Той, хто даслаў заяву першы, скажам так, той лепшы: ён можа спадзявацца на станоўчы вынік. Хаця з досведу мінулага году магу сказаць, што шмат тых, хто патрапіў у лік першых, адпалі. Бо ім не пасавала, напрыклад, дата паходу ў амбасаду", — распавядае адна з арганізатарак фэста Дар'я Вапа.
Нагадаем, "Басовішча-2016" адбудзецца 22-23 ліпеня ў Гарадку пад Беластокам. На ім выступяць "Крамбамбуля", Brutto, Dzieciuki, Navi, сербская каманда Erik & the Worldly Savages, палякі Нańba Аднак поўны лайн-ап будзе аб'яўлены праз два тыдні, бо, прызнаецца Дар'я Вапа, у фэста ўзніклі праблемы з фінансаваннем:
"Мы не можам цяпер назваць усіх удзельнікаў, бо ў гэты момант вырашаем пытанні, датычныя фінансавай падтрымкі фестываля. Не хочам аб'яўляць некага, а потым абвяргаць аб'яву, бо гэта не наша мэта. Таму аб'яўляем удзельнікаў, калі на 100 адсоткаў вырашаныя пытанні іх удзелу. Мы атрымалі грошы з Маршалкоўскай управы Падляскага ваяводства. Таксама чакаем на вынікі конкурсу МЗС. Аднак ходзяць чуткі, што ўсе грошы, якія былі прадбачаныя на падтрымку "усходніх" праектаў, ідуць на Каталіцкія дні моладзі ў Кракаве. Таму мы не ўпэўненыя, што атрымаем іх, таму "афармляем" іншых спонсараў. Гарантую, што праз два тыдні будзе вядомы поўны лайн-ап".
Апроч музычнай, чакаецца насычаная забаўляльная праграма.