За год у Беларусі забіваюць да 10 зуброў

Забіць маладога зубра каштуе 30 мільёнаў для беларуса і 2,5 тысячы еўра для замежніка, чытаем у Пастанове Савета міністраў ад 1 кастрычніка. Няўжо выключылі з Чырвонай кнігі, калі можна страляць маладых.

“Ён у Чырвонай кнізе, але ёсць выманне, калі бачна, што жывёла хворая. Калі яны ўжо народжаныя з некаторымі генетычнымі зменамі”, — тлумачаць Еўрарадыё ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы наваколля.

Па словах чыноўнікаў, паляваць можна толькі на зуброў з рэзервовага фонду, якія хворыя.

Замежніку, дарэчы, можна не толькі застрэліць, але і параніць зубра, чытаем у той жа пастанове Саўміна прайс — каштуе такая забава 3 тысячы еўра.

“Пакуль не дадуць дазволу, пакуль камісія не вырашыць, што ён хворы і падлягае выбракоўцы. Можаце не хвалявацца. Для беларусаў, калі ён раніць зубра, аплачвае 50% кошту цэлага зубра”, — тлумачаць у Міністэрстве лясной гаспадаркі.

У год могуць не забіць ніводнага зубра, а могуць застрэліць дзясятак, дадаюць чыноўнікі.

Палююць на беларускага бізона замежнікі. Бо беларусам дорага, кажуць у Мінлясгасе:

“Беларусы мала палююць на зуброў, у нас такіх, як у Расіі новых “крутых”, няма. У асноўным, гэта замежнікі”.

У Белавежскай пушчы сёлета шэсць разоў палявалі на зубра. Паганяць волата па лесе едуць нават з Аб’яднаных арабскіх эміратаў.

“Прыязджаюць з Расіі, з Еўропы. Пару гадоў таму прыязджалі з Арабскіх эміратаў. У мінулым годзе было чатыры зубры, сёлета шэсць разоў”, — гавораць у адміністрацыі Нацыянальнага парка “Белавежская пушча”.

Тут пералічваюць, якіх маладых зуброў могуць забіваць.

“Гэта рэдка, ёсць жа крытэрыі выбракоўкі. Напрыклад, маладняк, у яго катаракта, ён сляпы. Статак яго праганяе, ён ходзіць пакутуе. Яго фіксуюць, фатаграфуюць. Прадстаўнік міністэрства і дзяржінспекцыі гэта фіксуе і пасля ладзіцца адстрэл”, — расказваюць у адміністрацыі парка.

Паводле Мінпрыроды, колькасць зуброў у Беларусі цяпер на ўзроўні сярэдзіны XVIII стагоддзя. У беларускіх лясах, па лічбах 2012 году, жывуць больш за 950 зуброў.

Фота: zorika.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі