За каманду Лукашэнкі на Калядным турніры выступяць пяць хакеістаў экстралігі
За каманду Аляксандра Лукашэнкі на XIII Калядным міжнародным турніры сярод аматараў выступяць пяць хакеістаў, якія гуляюць у клубах экстралігі, піша tut.by.
У заяўцы беларускай каманды пададзеныя нападнік мінскага "Юнацтва" Даніэль Корса, форварды салігорскага "Шахцёра" Андрэй Міхалёў і Яраслаў Чупрыс, нападнік гродзенскага "Нёмана" Вячаслаў Лісічкін і абаронца "Шахцёра" Аляксандр Радзінскі. Дарэчы, Корса займае другое месца ў спісе бамбардзіраў цяперашняга чэмпіянату краіны.
Да таго ж, у заяўцы беларускай каманды ёсць гульцы, якія толькі-толькі скончылі спартовую кар'еру. Так, да канца лістапада ў 2016 годзе за наваполацкі "Хімік" гуляў Сяргей Задзялёнаў, які нядаўна абвясціў пра завяршэнне прафесійнай кар'еры. Гэтай восенню завяршыў таксама кар'еру экс-капітан зборнай Беларусі 35-гадовы форвард Канстанцін Кальцоў.
Турнір пройдзе 4-7 студзеня 2017 года. У ім прымуць удзел каманды Беларусі, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Швейцарыі, Балканаў, Расіі, Нямеччыны, Фінляндыі, Славакіі.