За карупцыю былых кіраўнікоў віцебскай чыгункі асудзілі на 4 і 7 гадоў калоніі

За карупцыю былых кіраўнікоў віцебскай чыгункі асудзілі на 4 і 7 гадоў калоніі

За карупцыйныя злачынствы былыя кіраўнікі Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі асуджаныя на сем і чатыры гады калоніі, а таксама пакараныя буйнымі штрафамі. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавёў памочнік пракурора Віцебска Аляксандр Філіпенка.

Пад суд трапілі былы начальнік і галоўны інжынер УП "Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі".

Экс-начальніка Віцебскай чыгункі прызналі вінаватым у перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў з асабістай зацікаўленасці, што пацягнула цяжкія наступствы; крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, учынены групай асоб па папярэдняй змове; злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі; складанні і выдачы заведама фальшывых дакументаў, учыненым з іншай асабістай зацікаўленасці. Галоўны інжынер па ўсіх пералічаных пунктах, акрамя крадзяжу, прызнаны памочнікам.

Суд над экс-кіраўнікамі быў выязным і прайшоў у адміністрацыйным будынку самой чыгункі ў Віцебску. Начальніку прызначылі сем гадоў пазбаўлення волі з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады на пяць гадоў і штраф у 6900 рублёў (300 базавых велічыняў). Галоўны інжынер асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады на пяць гадоў і таксама штраф. Абодва будуць адбываць тэрмін у папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Следства выявіла, што з лістапада 2012 года па снежань 2013-га кіраўнікі чыгункі выдалі загад Віцебскай дыстанцыі грамадзянскіх збудаванняў перадаць гаражы для аўтамашын на баланс санаторыя "Чыгуначнік" у вёсцы Малыя Лётцы Віцебскага раёна. Гэтыя гаражы без узгаднення з заснавальнікам былі перабудаваныя пад дом адпачынку падвышанай камфортнасці і лазневы комплекс. Праектна-каштарыснай і дазвольнай дакументацыя на будаўніча-мантажныя работы не было. На незаконнае пераабсталяванне гаражоў пайшлі грошы чыгункі — каля 780 тысяч рублёў, Што пагоршыла фінансавы стан прадпрыемства. У выніку чыгунка ўзяла крэдыты на набыццё пасажырскіх вагонаў, зацягнула тэрміны заканчэння планавай рэканструкцыі іншых аб'ектаў прадпрыемства.

Таксама начальнік Віцебскай чыгункі выкарыстаў рабочых, транспарт і спецтэхніку аддзялення для рамонту сваёй кватэры і пабудову гаража. Дамова на гэтыя працы не заключалася, аплаты выкананых работаў не праводзілася. Прадпрыемства атрымала страты на больш як 10 тысяч рублёў.

Таксама падчас следства выявілася, што ў красавіку 2014 года была скрадзеная посудамыйная машына, набытая Віцебскаф чыгункай нібыта для рэканструяванага санаторыя-прафілакторыя, хоць праектна-каштарыснай дакументацыяй гэта не прадугледжвалася. 

У студзені 2015-га кіраўнікі чыгункі склалі заведама непраўдзівыя дамовы паміж дырэктарам прадпрыемства і БЧ, каб абгрунтаваць выкарыстанне рабочых пры рамонце кватэры і будаўніцтве гаража дырэктара. Гэтыя фіктыўныя дакументы былі пададзеныя спецыялістам Камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці пры праверцы фінансава-гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства і падчас расследавання крымінальнай справы.

Прысуд не набыў законную моц і можа быць абскарджаны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі