За крэдыт Кітая адкрылі падстанцыю, каб прадаваць электрычнасць з БелАЭС у Літву
У Пастаўскім раёне адбылося ўрачыстае мерапрыемства з нагоды запуску электрападстанцыі, перадае БЕЛТА. У ім прыняў удзел міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык.
Высокатэхналагічная падстанцыя 330 кВ "Паставы" пабудаваная на мяжы Браслаўскага і Пастаўскага раёнаў. Паведамляецца, што гэта адзін з ключавых аб'ектаў у рэалізацыі праекта па выдачы магутнасці Беларускай АЭС і сувязі з энергасістэмай. Плануецца, што менавіта гэтая падстанцыя стане базавай для міждзяржаўнага транзіту электраэнергіі паміж энергасістэмамі Беларусі і Літвы.
Між тым, Літва ўжо не адзін раз абвяшчала, што не будзе купляць электраэнергію з Беларускай АЭС. Праект пабудовы АЭС пад Астраўцом моцна крытыкуюць у Літве: станцыя будуецца за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад сталіцы — Вільні. Прэзідэнт краіны Даля Грыбаўскайтэ нават называла БелАЭС расійскай "неканвенцыйнай" зброяй.
Паводле інфармацыі БЕЛТА, на падрадзе будзаўніцтва задзейнічаная вялікая колькасць беларускіх арганізацый. 95% фінансавання праекта — гэта льготны крэдыт Экспартна-імпартнага банка Кітая. Як можна пабачыць на фотаздымках з мерапрыемства, працавалі на будаўніцтве падстанцыі таксама кітайскія рабочыя.
Патупчык паведаміў: "З кітайскімі партнёрамі асвоена на аб'ектах Беларускай энергасістэмы больш за $2 млрд".