За паўгода беларускія трактары ў замежных дылераў даражэлі тройчы

Пра складскія запасы і пра тое, што беларускія прадпрыемствы ідуць на антырэкорд па ўзроўні складскіх запасаў, кажа кіраўнік дзяржавы падчас выступу перад урадам і народам.

"Павінныя былі знізіць узровень складскіх запасаў гатовай прадукцыі прампрадпрыемстваў на складах да 76% сярэднемесячнай вытворчасці, а на самай справе — ужо 80%! Пайшлі на рэкорд!” — кажа Лукашэнка.

Як і год таму, болей за ўсё затавараныя склады на прадпрыемствах Мінпрама, а таксама Міністэрства сельскай гаспадаркі і “Беллегпрама”.

Трактары завода МТЗ стаяць ужо на стаянцы для аўтамабіляў па-за тэрыторыяй завода! Занепакоенасць выказваем міністру эканомікі Мікалаю Снапкову. Міністр спрабуе неяк абараніць прадпрыемствы.

“Але ж вы не ведаеце, колькі ўжо прадалі! У нас жа вялізныя прадпрыемствы, таму для такога агромністага прадпрыемства зразумела, што будуць і вялікія складскія запасы!” — кажа чыноўнік і супакойвае: “Але ж заробкі выплачваюцца, завод працуе. Мы прадаемся, хоць і не так актыўна, як у мінулую пяцігодку. Адно што трэба павышаць канкурэнтаздольнасць нашых тавараў”.

Тэлефануем дылерам — распытаць, як у іх прадаюцца беларускія трактары. У гандлёвым доме “Беларуская тэхніка” ў Маскве спецыяліст па продажах Зміцер пачынае скардзіцца на пастаўшчыкоў айчыннай тэхнікі.

“Зразумела, падаюць продажы, як і ва ўсіх. Але ж яны (пастаўшчыкі — заўвага Еўрарадыё) за гэты год (!) павышалі цэны ўжо тройчы!” — абураецца дылер. Цяпер беларускі трактар можна купіць за 700 тысяч расійскіх рублёў, а раней было на 80 тысяч танней. Дылер адзначае, што і дэвальвацыя расійскага рубля, і павышэнне цэнаў не спрыяе продажам.

“Завод, натуральна, пастаўляе. Але цяпер мы прадаём прыкладна 30% ад закупак. Раней даходзіла да 90%!” — пры гэтым дылер прызнаецца, што беларуская тэхніка ўсё ж карыстаецца попытам, як і імпартная.

На самім заводзе МТЗ у аддзеле па продажы тэхнікі па краінах СНД Еўрарадыё ніяк інфармацыю пра трактары на стаянцы і складскія запасы не каментуюць — раяць звяртацца да генеральнага дырэктара. Але тлумачаць, што, магчыма, трактары на стаянцы перад заводам проста стаяць для адгрузкі. Нічога, што пастаянна, але ж для адгрузкі!

“Завод працуе, труба дыміць!” — кажуць у аддзеле. Нічога, што тут гатовай прадукцыі 176% да папярэдняга месяца!

Цікава, што ёсць і лідары ў запасах тэхнікі: да прыкладу, грузавікоў і самазвалаў у красавіку ў 3,4 разу болей да сярэдняй вытворчасці, аўтамабіляў спецыяльнага прызначэння — у 7,6 разу, ваўняных тканін у красавіку — у 6 разоў болей, чым у сакавіку!

Тэлефаную ў кіеўскі дылерскі цэнтр продажу беларускіх тканін. Спецыяліст па продажах Іван нібы выбачаецца, што беларускія тканіны фабрыкі “Камволь” прадаюцца не надта добра — “гэта ж праз усе гэтыя падзеі” — і спяшаецца супакоіць, што тканіны добрыя, працуем, каб было і пастаўшчыкам выгадна, і ім самім.

У аддзеле маркетынгу фабрыкі “Сукно” звесткі Белстата аб тым, што тканін у іх у 6 разоў болей за сярэднемесячны запас, пацвярджаюць. Мяркуюць, што такая сітуацыя ўзнікла праз вельмі частую змену кіраўніцтва.

“Прыходзіць новае кіраўніцтва, пачынае нейкі новы праект, а потым яго змяняе наступнае”, — кажа эканаміст і дадае, што сур’ёзную канкурэнцыю ў цэнах ім складаюць кітайскія тканіны.

“У Беларусі мы яшчэ трохі трымаем рынак, а за мяжой…” — разводзіць рукамі эканаміст. І дадае, што ў іх на складах захаваліся тканіны, старэйшыя за пяць гадоў!

“У нас тканіны ёсць мо з 2007 года”, — прыгадвае дзяўчына.

Афіцыйная статыстыка кажа, што на складах запасы гатовай прадукцыі павялічыліся на 1,4 трыльёна на 1 траўня і дасягнулі 83,5% да месячнага аб’ёму прамысловага вырабу, у грашах — болей за 35,2 трлн рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі