За што Майдан палюбіў Лукашэнку

“Гэта геапалітычны інтарэс Беларусі. Украіна, якая супрацьстаіць Расіі, контрпунктуе ёй ― гэта вам выгадна. Калі б Расія паглынула Украіну, то сферы ўплыву змясціліся б. Змяніліся б геапалітычныя прыцягненні”, ― падчас сустрэчы з беларускімі журналістамі былы дарадца прэзідэнта Юшчанкі і кіраўнік кіеўскага “Інстытута глабальных стратэгій” Вадзім Карасёў па памяці цытуе кіраўніка Беларусі цэлымі кавалкамі.

Ён кажа, што Лукашэнка за апошнія месяцы набраў вагі ў вачах украінцаў і нават галасаванне Беларусі ў ААН па Крыме не шкодзіць. Карасёў нагадвае, што Лукашэнка заўсёды падтрымліваў улады Украіны, незалежна ад іх геапалітычнай арганізацыі. “Ваш кіраўнік добра разумее, што пакуль ёсць незалежная Украіна, будзе і Беларусь”, ― перакананы Карасёў.

Папулярны Лукашэнка і на Майдане, такое уражанне, што эфір Савіка Шустэра з кіраўніком Беларусі тут глядзелі ўсе. А украінскія СМІ цытуюць урыўкі звароту Лукашэнкі да парламента і народа на тэму Украіны амаль гэтак жа інтэнсіўна, як беларускія.

Слядоў нядаўняй рэвалюцыі ў Кіеве тым часам застаецца ўсё менш. Барыкады на Грушэўскага часткова разабралі, вуліца адкрытая для руху транспарту. Свабодна можна прайсці да Адміністрацыі прэзідэнта, кіеўляне актыўна фатаграфуюцца на фоне шыльды. На Крашчаціку барыкады і намёты яшчэ ёсць, але дажываюць апошнія тыдні ― некаторыя ўжо сабраныя, іншыя стаяць пустымі. Карасёў расказвае, што па Кіеве ўжо пачалі хадзіць байкі і міфы, звязаныя з нядаўнімі падзеямі. Расказвае адну з іх ― пра тры фуры, набітыя доларамі Януковіча. І дадае, што акурат яна можа быць праўдай.

“Дзесьці яны схаваныя. Альбо ва Украіне, у Данбасе, альбо ў Расіі… Можа, у нейкім кар’еры там, альбо ў шахце ў нас. Цяпер гэта будзе як “золата партыі”, міфічнае. “Камазы” з наяўнымі. Я жартую, вядома. Але што яны ёсць, гэта дакладна. Спецслужбы ўжо ведаюць, як вывозіліся грошы. Уяўляеце сабе фуры з наяўнымі доларамі? Іх вывезлі яшчэ толькі калі ўсё пачыналася”.

Байка пра фуры насамрэч можа быць праўдай ― Януковіч за гады праўлення любым чынам стараўся назбіраць капітал для далейшай палітычнай кар’еры, хацеў пазбавіцца апекі прагматычнага алігарха Ахметава. Праўда і тое, што былы прэзідэнт Украіны не давяраў ні заходнім, ні расійскім банкам. Таму у рэальнасць набітых доларамі “камазаў” можна паверыць.

Увогуле, складваецца ўражанне, што рэвалюцыйная рамантыка Майдана прынамсі ў Кіеве вельмі хутка замянілася патрыятычнай. Па вуліцах ездзяць аўтамабілі з нацыянальнымі сцягамі, яны ж вывешаныя на балконах, а графіці Putin fuck off можна ўбачыць нават у прыбіральні моднага культурнага цэнтра.

У Кіеў прыязджаю амаль адначасова з віцэ-прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. Нейкага ажыятажу з гэтай нагоды ў горадзе не бачна ― хіба што заўважаю амерыканскі сцяг на адным з балконаў, ды ва ўрадавым квартале не парціснуцца з-за натоўпу з галавы да ног узброеных сур’ёзных людзей. Рэдактар аддзела міжнароднай палітыкі штодзённіка “Дзень” Мікола Сірук кажа што ЗША выказваюць падтрымку новым уладам Кіева. Але у вачах простых украінцаў яна выглядае непераканаўча.

“Жэнеўскія дамоўленасці пакуль у падвешаным стане. Як бачым. вынікаў няма. Вось Байдэн прыехаў, выказаў нам падтрымку. Паабяцаў. Але сказаў, што мы павінны рэформы правесці. Грошай нам дадуць на выбары. Каб назіральнікаў даслаць можна было”.

У дзень ад’езду з Кіева па мясцовым канале бачу зварот Турчынава да нацыі, дзе ён аб’яўляе пра аднаўленне антытэрарыстычнай аперацыі на усходзе. Мікола Сірук мяркуе, што гэта вельмі небяспечна. Расія можа скарыстацца момантам і афіцыйна ўвесці свае войскі на Данбас. Здачу Крыма Крамлю без супраціўлення ў Кіеве тлумачаць бояззю грузінскага сцэнарыя.

“Нашы вельмі баяліся, што расіяне пачнуць дзейнічаць па грузінскім сцэнарыі. То бок, калі мы будзем супраціўляцца, то яны пойдуць на Кіеў. Адразу кінуць усе войскі, што ёсць ўздоўж мяжы. А мы не паспелі б абараніцца. Нашы танкі нават на Усход краіны выйшлі толькі тады, калі Каламойскі даў паліва, салярку”.

Аднак актыўныя вайсковыя дзеянні супраць сепаратыстаў у Славянску загнаны ў вугал Турчынаў усё ж пачынае. Рэакцыя Пуціна імгненная ― ужо праз некалькі гадзін рускія войскі пачынаюць актыўныя вучэнні і падыходзяць на адлегласць лічаных кіламетраў да мяжы з Украінай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі