За збіццё сабакі або здзек з ката могуць адправіць на “хімію”
І нават пасадзіць за краты. З 28 студзеня за жорсткасць да жывёл будуць караць па крымінальным артыкуле. Плюсы і мінусы новай папраўкі да закона.
З 28 студзеня набывае моц новы артыкул Крымінальнага кодэкса 339.1. Ён уводзіць крымінальную адказнасць за жорсткае абыходжанне з жывёламі.
Што змянілася
За забойства ці калецтва ката ці сабакі цяпер можна атрымаць грамадскія працы, папраўчыя працы на год, арышт і штраф. За паўторнае злачынства — пазбаўленне волі да года. Раней за калецтва ці забойства жывёлы можна было максімум сесці на 15 сутак ці атрымаць штраф у 5,4 мільёна.
Да таго ж, адміністрацыйныя пратаколы на парушальнікаў за здзек над жывёламі цяпер будзе складаць міліцыя. Раней такое права мелі толькі прадстаўнікі мясцовых уладаў.
Плюсы.
— Гэта нейкі зрух, бо пра такую меру казалі некалькі гадоў. Паралельна з гэтым павялічвалася колькасць жывёл, якія былі забітыя ці скалечаныя людзьмі наўмысна, з хуліганскіх памкненняў. Прыгадаць толькі мінскага скуралупа, на рахунку якога дзясятак жывёл, якіх той пакалечыў ці наогул забіў.
— Раней, калі былі заўважаныя выпадкі здзеку над жывёламі, пратаколы маглі складаць толькі мясцовыя чыноўнікі, іх трэба было шукаць, яны маглі не мець юрыдычнай адукацыі і досведу. На практыцы, па словах праваабаронцаў, гэта заканчвалася звычайнай прафілактычнай гутаркай з парушальнікамі. Цяпер складаць пратаколы будзе міліцыя.
— У перспектыве адказнасць могуць узмацніць.
Мінусы.
— Прынятая пакуль толькі папраўка да Крымінальнага кодэкса. Але няма закона “Аб абыходжанні з жывёламі”, які б тлумачыў што такое “жорсткае абыходжанне”. Ці будуць, напрыклад, караць чалавека, які патапіў кацянят ці збіў сабаку на машыне. Ці будуць караць за ўсыпленне здаровай жывёлы, таксама незразумела.
— Адзін год — і тое у выпадку рэцыдыву — досыць мяккае пакаранне. Таксама незразумела, за што прадугледжаныя папраўчыя працы, а за што толькі штраф.
“Зваротаў аб жорсткім стаўленні да жывёл шмат, але да суда даходзяць адзінкі, —распавядае Вераніка Ханцэвіч, старшыня “Эгіды”, арганізацыі, што займаецца абаронай жывёл. — Два гады таму мы дамагліся адміністрацыйнага арышту для хлопца, які адрэзаў галаву даберману. Гэта максімальнае пакаранне. У 2010 годзе дамагліся арышту на 10 сутак начальніцы ЖЭС, якая загадала замураваць катоў у падвале. Але ўсе гэтыя справы цягнуцца да паўгода, каб дамагчыся пакарання”.
Фота: mypet.com