Забабоны алімпійцаў: чайныя пакецікі ў станіку і дзіравыя шкарпэткі

На адкрыцці Алімпійскіх гульняў у Сочы Дар’я Домрачава адмовілася несці сцяг. Некаторыя пачалі казаць, што правільна зрабіла — навошта нагружаць рукі перад спаборніцтвамі. Іншыя ж паводзіны біятланісткі патлумачылі забабонамі: дагэтуль са сцяганосцаў толькі Максім Мірны нешта выйграваў.

“Звычайна гэта фарміруецца падчас трэніровак, рэгулярных выступаў. Хтосьці мусіць на руку плюнуць, нехта прыклад падрапаць ці пагладзіць, нехта пагаварыць са сваёй зброяй і гэтак далей”, — тлумачыць забабоны алімпійцаў загадчык кафедры псіхалогіі БДУФК Уладзімір Сівіцкі.

Сапраўды, стальныя знешне спартоўцы часам аказваюцца самымі прымхлівымі. Адзін з найбольш цікавых рытуалаў калісьці прыдумала брытанская сноўбардыстка Джэні Джонс. Перад выступамі яна закладвала сабе ў бюстгальтар… пакецікі з гарбатай.

Джэні Джонс: “Гэта было даўно. Я працавала пакаёўкай, і да нас у горы рэдка траплялі пакецікі з гарбатай. Калі аднойчы людзі прынеслі іх, мне ўдалося схаваць адзін у бялізну. У мяне тады быў добры дзень: у мяне атрымалася шмат новых элементаў, і я вырашыла, што гэта было з-за пакеціка”.

Цяпер брытанка такім ужо не карыстаецца. А сноўбардыстка з Чэхіі Ева Самкава перад выступамі малюе на твары… вусы. На ўдачу. Кажа, што працуе.

Калі гаворка ідзе пра забабоны, звычайна ўзгадваюць вядомыя “плэй-оф бароды” хакеістаў, якія не голяцца перад важнымі матчамі.

Трэнер і былы хакеіст Эдуард Занкавец калісьці спрычыніўся да самага вялікага поспеху нашай зборнай на Алімпіядзе-2002 — да перамогі над шведамі і выніковага 4-га месца. Пытаемся, ці “шаманіў” ён неяк падчас сваёй хакейнай кар’еры.

Эдуард Занкавец: “Не магу гэта назваць забабонамі ў адносінах да мяне, бо я ўсё ж не прымхлівы. Але такія моманты, калі рыхтуешся да гульні, у цябе свой рытуал падрыхтоўкі. Ён пачынаецца з падрыхтоўкі клюшкі, з падрыхтоўкі канькоў. Пасля як ты абуеш канькі, пачынаючы, вобразна кажучы, са зрэзу нагі, зашнуроўваеш канёк”.

Нейкіх шакуючых гісторый пра сваіх калегаў Эдуард Занкавец прыгадаць не можа. Але кажа, што брамнікі могуць ад ранку і да самага вечара не размаўляць — настройваюцца на гульню.

У сваю чаргу цікавыя звычкі ёсць у амерыканскага лыжніка Эндру Ньюэла. На працягу сезона ён ездзіць толькі ў адной і той жа пары шкарпэтак. Нават калі яны дзіравыя, іх нельга мяняць да канца сезона.

Шмат хто са спартсменаў перад стартам слухае сімвалічную песню. Альбо не слухае. Напрыклад, сноўбардыстка з ЗША Торын Ятэр-Уолес больш не слухае Тэйлар Свіфт. Бо апошнім разам трэк гэтай спявачкі скончыўся для спартсменкі страсеннем мазгоў.

Фота: thenews.com.pk

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі