Заіка: На кожнай беларускай сям'і ляжыць пазыка ў 10 тысяч долараў

Выглядае на тое, што кіраўнік краіны спрабуе перакласці віну за сітуацыю на двух чыноўнікаў — кіраўніка ўраду Міхаіла Мясніковіча і кіраўніка Нацбанку Пятра Пракаповіча. Такое меркаванне выказаў эканаміст Леанід Заіка ў гутарцы з Еўрарадыё

Заіка: "Лукашэнка ўзяў тайм-аут, паглядзеў, як будуць новыя прэм'ер і кіраўнік Нацбанку выкручвацца: краіна скончыла год — 10 мільярдаў долараў у мінусе. І фактычна паўтарылася сітуацыя мінулага года. Плюс да гэтага, вырас заробак, у людзей з'явіліся большыя рублёвыя рэсурсы, і яны гатовыя канвертаваць рублі ў долары. Плюс, хапіла ідыётаў, якія заявілі, што будуць высокія пошліны на аўтамабілі. Я думаю, што цягам двух месяцаў народ будзе актыўна здымаць свае грошы з валютных рахункаў. Таму Лукашэнка зрабіў выгляд, што ў яго ёсць дзве адказныя асобы — Мясніковіч і Пракаповіч. А ён сам быццам бы не мае да гэтага ніякіх адносінаў".

На думку эксперта, грошай у краіне няма і з'явіцца яны могуць толькі з Расіі. Але з Крамлём у Аляксандра Лукашэнкі складаныя адносіны, таму вінаватымі прызначаюцца прэм'ер і галоўны банкір.

У сваёй прамове кіраўнік краіны заявіў, што валютная рэгуляцыя не павінна закрануць насельніцтва. Маўляў, насельніцтва праблемаў з валютай не стварае, а прадпрыемствы вядуць сябе "расхлябана". Аднак Леанід Заіка кажа, гэтая заява далёкая ад рэчаіснасці:

Заіка: "Насельніцтва бяжыць, набывае... Норма ашчаджэння — 4,5%, ніхто не хоча ашчаджаць рублі. Усе пабеглі — Лукашэнка робіць выгляд, што вінаватыя прадпрыемствы. Калі людзі ўбачылі больш вялікі попыт на мяса, на малако, на сыр, на вопратку, то, безумоўна, прадпрыемствы на гэта рэагуюць. Таму заява, што насельніцтва тут ні пры чым, а вінаватыя прадпрыемствы, разлічаная на тых, хто не ведае эканамічную сітуацыю ў Беларусі".

Па словах эксперта, і перадвыбарчыя заявы пра непарушнасць курса рубля ў дачыненні да валюты не больш, чым прапагандысцкая прываба. Заіка адзначае: вонкавыя пазыкі краіны такія, што кожная беларуская сям'я павінна 10 тысяч долараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі