“Захоўваем гэты артэфакт”: як беларуса запрасілі на парад з удзелам каралевы

“Захоўваем гэты артэфакт”: як беларуса запрасілі на парад з удзелам каралевы

У 1978 годзе дырэктар берлінскай турмы Шпандау беларус Уладзімір Бабоўнікаў атрымаў ліст з гербам Злучанага Каралеўства і кніжку з фота каралевы Лізаветы II з мужам прынцам Філіпам на вокладцы. У лісце гаварылася, што маёр Бабоўнікаў запрошаны на парад з нагоды дня народзінаў Яе Вялікасці.

“Захоўваем гэты артэфакт”: як беларуса запрасілі на парад з удзелам каралевы

Гэта запрашэнне і каралеўскае фота ўсё яшчэ захоўваецца ў сямейным архіве ўнука Уладзіміра ГаўрылавічаАрцёма Бабоўнікава. Ён расказаў нам пра гэты сямейны артэфакт і гісторыю таго парада, на які яго дзед не змог трапіць нават нягледзячы на запрашэнне з каралеўскага палаца.
 

“Дзядуля бачыў, як жыве Заходні Берлін”

Такім чынам, ішоў 1978 год, брытанскай каралеве Лізавеце толькі-толькі споўнілася 52 гады. Праз месяц пасля дня народзінаў у Берліне ў гонар каралевы давалі парад. Сярод запрошаных на яго быў савецкі маёр Уладзімір Бабоўнікаў, дырэктар турмы Шпандау.

— Шпандау — ваенная турма. На момант, калі дзядуля быў прызначаны дырэктарам савецкага боку гэтай турмы, там знаходзіўся толькі адзін вязень — намеснік Гітлера ў Нацыянал-сацыялістычнай партыі Рудольф Гес. Яму аднаму з высокапастаўленых нацыстаў прысудзілі не смяротнае пакаранне, а пажыццёвае зняволенне, бо ўсю вайну Гес правёў у брытанскай турме.

Гэтага злачынцу вартавалі чатыры краіны, і ад кожнай быў прызначаны дырэктар турмы. З савецкага боку — мой дзядуля.

З пачатку 70-х ён служыў у дыпламатычнай нямецкай місіі, а ў 1976 годзе яго зноў накіравалі ў Германію і ўжо тады прызначылі на гэтую пасаду.  Бабуля з дзядулем былі не звычайнымі вайскоўцамі, а лінгвістамі. Яны валодалі нямецкай і англійскай мовамі, скончылі Інстытут замежных моў з чырвонымі дыпломамі. Таму дзядулю і прызначылі на такую дыпламатычную пасаду — каб ён размаўляў з замежнікамі.

“Захоўваем гэты артэфакт”: як беларуса запрасілі на парад з удзелам каралевы

Я мяркую, што ён ужо да гэтага ведаў розніцу паміж двума ўкладамі, бо бачыў, як жыве Заходні Берлін, бачыў, як арганізаваная служба заходніх краінаў — і мог параўнаць з усходнім.

Шпандау знаходзілася на тэрыторыі Заходняга Берліна. Цікава, што савецкі бок даволі часта мяняў дырэктараў гэтай турмы. Арцём мяркуе, што такія перастаноўкі кіраўніцтва Саюза рабіла наўмысна — каб людзі не затрымліваліся “на Захадзе”, не прызвычайваліся да ягонага ладу жыцця. Але — не дапамагло.

— Толькі дурны чалавек не пабачыць крывадушнасці сістэмы, паглядзеўшы на іншае жыццё.

Арцём кажа, што дзякуючы бабулі з дзядулем нават у мінскай кватэры не было адчування савецкага ладу жыцця. У часе службы ў Германіі дзед і бабуля куплялі гадзіннікі, барометры, карціны, нават піяніна. А яшчэ прывезлі з сабой веды пра тое, якое жыццё там — з таго боку сцяны.

— У нас у сям’і заўсёды захапляліся еўрапейскімі каштоўнасцямі і культурай. І гэтае запрашэнне дзеду на дзень народзінаў каралевы — гэта артэфакт, які і дагэтуль з гонарам захоўваецца ў нашай сям’і.
 

Але на парад маёр Бабоўнікаў так і не трапіў

Запрашэнне на парад загадвала Уладзіміру Бабоўнікаву прыбыць да месца святкавання па поўдні ў параднай уніформе. Але ў той дзень дзед Арцёма так і не паўдзельнічаў у парадзе.

— Як я мяркую, з палітычных прычынаў. Прамой забароны ўдзельнічаць ад савецкага боку не было, але, думаю, адмысловую прычыну прыдумалі. На жаль, гэта толькі мае здагадкі — тады людзі баяліся шмат пра што гаварыць адкрыта.

Але ж мае дзед і бабуля былі запрошаныя на банкет у гонар дня народзінаў Яе Вялікасці. На жаль, на гэтым банкеце былі ўжо толькі вайскоўцы і дыпламаты з краін-хаўруснікаў — каралевы не было.

З таго банкету застаўся фотаздымак. На ім — чатыры дырэктары турмы Шпандау, сярод якіх — Уладзімір Бабоўнікаў з жонкай.

“Захоўваем гэты артэфакт”: як беларуса запрасілі на парад з удзелам каралевы

— Гэта гістарычная падзея, і пасада дзеда гістарычная. На тэрыторыі гэтай крэпасці Шпандау, якую знішчылі ў Берліне ў 1987 годзе пасля таго, як Рудольф Гес скончыў жыццё самагубствам, Савецкі Саюз, Вялікабрытанія, Францыя і ЗША выступалі як хаўруснікі-пераможцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі