Залілі два вядры хлоркі, зверху кінулі рэчы — як галадала камера на Акрэсціна

У двухмеснай камеры знаходзіліся 10 і больш чалавек / Еўрарадыё​
У двухмеснай камеры знаходзіліся 10 і больш чалавек / Еўрарадыё​

Галадоўка "палітычнай" жаночай камеры ў ЦІП на Акрэсціна скончылася толькі невялікай саступкай з боку адміністрацыі, расказваюць былыя зняволеныя. Падрабязнасці яны расказалі праваабаронцам.

Галадоўку жанчыны з камеры №15 Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна абвясцілі ўвечары 3 лістапада. Падставай паслужылі нечалавечыя ўмовы ўтрымання. У двухмеснай камеры знаходзілася 10 чалавек. Акрамя таго, у жанчын забралі ўсю верхнюю вопратку і цёплыя рэчы, а з першага лістапада ім не давалі туалетную паперу і мыла. Жанчыны патрабавалі вярнуць рэчы, лекі і прагулкі, а таксама выключаць на ноч святло.

Увечары 3 лістапада яны ўсе разам адмовіліся ад вячэры.

"Раздатчыца ежы была ў шоку, сказала, што галадаць мы можам толькі калі напішам заяву. Мы пасмяяліся: нам няма чым і не было на чым было пісаць. Ежу не ўзялі. Тады яна паклікала дзяжурнага і сказала, што мы адмаўляемся есці. Дзяжурны сказаў: "Ды піз**", — расказвае адна з былых арыштантак.

Раніцай у камеру залілі два вядры хлоркі, а зверху кінулі рэчы затрыманых.

"Раствор хлоркі быў даволі моцны, нас было 10 ці ўжо нават 11 чалавек. "Кармушку" зачынілі, дыхаць было цяжка. Першую палову дня мы адмывалі хлорку і мылі рэчы", — успамінае жанчына.

Днём ім прынеслі хлеб. Жанчыны адмовіліся яго браць. Тады іх вывелі ў "прагулачны дворык". Суразмоўніца праваабаронцаў расказвае, што арыштанткі на гэтай прагулцы "шмат жартавалі і смяяліся". Потым да іх выйшаў начальнік ЦІП і сказаў прыкладна наступнае: "Я гляджу, вы тут жарты адна адной расказваеце. Весела жывецца? Не хочаце есці, вам нешта не падабаецца? Мне таксама не падабаецца вас усім забяспечваць... Калі па вяртанні адсюль мне не спадабаюцца вашы паводзіны, то ў камеры будзе +7°, а пісі-дупы будзеце мыць дома"

Па словах былой арыштанткі, прагучала пагроза пакінуць іх на дварэ да раніцы, каб змаглі "нагуляць апетыт". У выніку на дварэ жанчын пратрымалі каля гадзіны. На наступны дзень у камеры было 5 даглядаў. Калі жанчын вярнулі ў камеру пасля аднаго з іх, на стале ўжо стаяў абед.

Залили два ведра хлорки, сверху бросили вещи — как голодала камера на Окрестина
На ноч кармушку не закрывалі, ад чаго ў камеры было холадна. Днём — закрывалі, і жанчыны мучаліся ад духаты / Еўрарадыё

"На той момант у нас былі дзве новыя дзяўчынкі, якія першапачаткова не заключалі дамову на галадоўку, а два дні і без гэтага мы не елі, таму давялося адмовіцца ад далейшага плана галадаць, але мы былі гатовыя пачаць усё нанова", — расказала былая арыштантка.

Ім вярнулі туалетную паперу і мыла, адмянілі "дадатковы шмон". "Але ўсё астатняе засталося па-ранейшаму. Курткі, якія адабралі падчас "дадатковага шмону", аддавалі толькі пасля вызвалення", — успамінае яна.  

Вяртанне мыла і туалетнай паперы частка сукамерніц успрынялі як праяву таго, "што супрацоўнікі "пайшлі на міравую", бо іх не б'юць, не катуюць, і на 12 чалавек у камеры ёсць аж чатыры старыя брудныя зубныя шчоткі", — кажа іншая былая арыштантка.

Вядома, што ў гэтай камеры ў момант галадоўкі знаходзілася і журналістка "Белсата" Ірына Слаўнікава. Яе разам з мужам затрымалі ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск" пасля вяртання з Егіпта. Абаіх асудзілі на 15 сутак за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". Днямі Слаўнікава мусіла выйсці на волю. Але не выйшла. Пазней стала вядома, што яе зноў асудзілі на 15 сутак за дробнае хуліганства на тэрыторыі РАУС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі