Заліло і засыпала: у Мінску за суткі выпала 70% месячнай нормы ападкаў
У Гродне снежнае покрыва за суткі істотна павялічылася / TUT.by
Цыклон "Ларс", які прыйшоў у Беларусь 26 студзеня, прынёс дождж і моцны мокры снег. У выніку за суткі ў Мінску выпала больш за 70% месячнай нормы ападкаў, падлічыў БелаПАН пасля аналізу аператыўных і архіўных дадзеныя Белгідрамета на рэсурсе надвор'я meteoinfo.by.
Пры месячнай норме ў 45 мм, або 45 л вады на квадратны метр тэрыторыі, за суткі ў Мінску выпала 32 мм. Моцныя дождж і снег прайшлі таксама ў Мар'інай Горцы (74% ад месячнай нормы) і Стоўбцах (71%).
У заходніх рэгіёнах выпала шмат снегу, і як вынік — істотна вырасла снежнае покрыва. У Гродне, да прыкладу, за суткі яно павялічылася з 9 да 37 см, у Брэсце — з 13 да 21 см.
З-за непагадзі сур'ёзна пацярпелі Брэсцкая, Гродзенская і Гомельская вобласці. Паводле звестак энергетыкаў, без электрычнасці тут засталіся больш за дзве тысячы населеных пунктаў. У большасці, дзякуючы аператыўнай працы службаў, электрычнасць ужо вярнулася, яшчэ ў больш за 400-а праца працягваецца.
Белгідрамет папярэджваў аб неспрыяльнай метэаралагічнай з'яве 26-27 студзеня — аб моцных ападках і ветры. У сераду раніцай на большай частцы тэрыторыі захаваецца моцных вецер парывамі 15-20 м/с, у асобных раёнах 21-23 м/с.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.