Замежныя СМІ пішуць пра Беларусь усё радзей, а калі пішуць — то пра Лукашэнку
Беларускі пратэст у Варшаве / TVN
Замежныя медыя ўсё менш цікавяцца Беларуссю па-за межамі геапалітычнай сітуацыі. Адносна агульнай колькасці, матэрыялаў пра рэпрэсіі ў краіне ці дэмакратычны рух прыкметна менш. Да такой высновы прыйшлі даследчыцы Леся Руднік і Кацярына Шмаціна.
Не рэпрэсіі, а вайна
Даследчыцы аналізавалі публікацыі 17 замежных выданняў у 2021-2022 гадах, каб зразумець, якія падзеі прыцягвалі ўвагу. Адразу можна расказаць пра некалькі высноў, якія зрабілі Руднік і Шмаціна:
"Аднак частка артыкулаў апісвала беларусаў як смелую нацыю альбо народ пад акупацыяй Расіі. Пры гэтым колькасць артыкулаў, дзе беларусаў называюць ахвярамі, расла, калі гутарка факусуецца на беларусах унутры краіны. Адметна, што вобраз беларусаў як спонсараў рэжыму часцей за іншых узгадваўся ва ўкраінскіх СМІ. Для польскіх выданняў стала актуальнай тэмай эміграцыя беларусаў, а літоўскія часцей за іншых пісалі пра актывізм і пратэсты ўнутры краіны. Таксама ў артыкулах, што закранаюць вобраз Беларусі ў краіне, 20% матэрыялаў узгадваюць палітзняволеных і рэпрэсіі. Прааналізаваныя нямецкія і літоўскія выданні ўзгадвалі палітзняволеных найчасцей", — адзначылі аўтаркі.
Пішуць пра Лукашэнку
Асноўны актар, які згадваецца ў замежных артыкулах — Лукашэнка. Ён стаў "героем" 27% артыкулаў. Як пішуць аўтаркі даследавання, вялікая частка матэрыялаў прыйшлася на абмеркаванне яго асабістай пазіцыі ў дачыненні да вайны ва Украіне, а таксама яго стасункаў з Пуціным.
"У адрозненне ад Лукашэнкі, Ціханоўская займала нашмат менш месца ў медыйнай прасторы замежжа. У большасці выпадкаў, калі пра яе пісалі, медыі асвятлялі яе міжнародныя візіты (29%) і дзеянні, скіраваныя на дэмакратызацыю Беларусі (22%). Але таксама ў параўнанні з Лукашэнкам (1,5%) персанальная гісторыя Ціханоўскай цікавіла журналістаў куды часцей (16%)", — пішуць даследчыцы.
Асноўныя тэмы, якім надавалася ўвага апошнія два гады — міграцыйны крызіс і вайна. Аўтаркі адзначаюць пэўную "нішавасць" беларускай тэмы для замежных СМІ, праз што выходзіць не так шмат матэрыялаў пра падзеі ў нашай краіне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.